Як у Беларусі спрабуюць лячыць алка- і нарказалежных — а тыя не хочуць лячыцца
Так выглядае беларускі ЛПП / gp.by
Паводле статыстыкі на сярэдзіну мінулага года, у Беларусі прыблізна 158 тысяч алказалежных и 88,5 тысяч нарказалежных. Яшчэ 95 тысяч чалавек знаходзяцца пад прафілактычным наглядам. Агульную лічбу можна параўнаць з насельніцтвам Брэста. Што дзяржава робіць, каб вырашыць праблему? Пра гэта журналістам распавядалі 11 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
Цэнтр працяглай рэабілітацыі
У верасні мінулага года на базе РНПЦ псіхічнага здароўя адкрыўся эксперыментальны цэнтр працяглай рэабілітацыі для нарказалежных. Спачатку хвораму з дапамогай лекаў дапамагаюць справіцца са станам адмены. Потым пацыент уключаецца ў праграму рэабілітацыі. Яна разлічана на 28-дзённае знаходжанне ў медустанове.
— Эксперыментальны цэнтр — дзецішча Міністэрства аховы здароўя, Мінпрацы і МУСа. На сённяшні дзень там прайшлі рэабілітацыю 11 пацыентаў, на этап амбулаторнай рэабілітацыі перайшлі 7 чалавек. Да чэрвеня мы праводзім ацэнку эфектыўнасці цэнтра. Калі вынік акажацца пазітыўным, то падобныя цэнтры адкрыюцца ва ўсіх абласных цэнтрах краіны, — расказвае Іна Белаец, загадчыца сектара наркалогіі арганізацыйна-метадычнага аддзела ДУ "РНПЦ псіхічнага здароўя"
.
Фішка новага цэнтра ў тым, што з нарказалежнымі на этапе рэабілітацыі пачынаюць працаваць спецыялісты органаў па працы і занятасці. Калі пацыент матываваны працаваць, то пасля 28 дзён у цэнтры ён пераходзіць на амбулаторны этап і пачынае працаваць. Адзінае — яму трэба рэгулярна прыходзіць на агляд да псіхіятра-нарколага.
— У цэлым у краіне ўсяго 270 ложкаў для стацыянарнай рэабілітацыі грамадзян, якія пакутуюць залежнасцямі. Спецыялістаў і месца хапае, — дадае Іна Белаец.
— Як такой колькасці ложкаў можа хапаць? — здзіўляюцца журналісты.
— Праблема ў адсутнасці матывацыі пацыентаў, не многія хочуць звяртацца... — адказвае спецыяліст.
Працаўладкаванне дворнікамі і прыбіральшчыкамі
Беларусам, якія справіліся з залежнасцю, але не могуць знайсці працу, прапануюць звяртацца ў тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання. Праўда, пакуль такая ідэя асаблівай папулярнасцю не карыстаецца. Алег Такун, начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, распавёў, што за ўвесь 2019 год па дапамогу ў працаўладкаванні звярнуліся 27 чалавек:
— Мы знайшлі працу 16 грамадзянам. Гэта досыць няпроста зрабіць, таму што ў асноўным у такіх людзей не хапае адукацыі і вопыту работы. Працаўладкоўваем дворнікамі, прыбіральшчыкамі, падсобнымі рабочымі.
Таксама тэрытарыяльныя цэнтры прадастаўляюць пляцоўкі для сустрэч ананімных наркаманаў. Такіх арганізацый у краіне тры: дзве ў Мінску і адна ў Бабруйску.
Арт-тэрапія і фільматэрапія ў ЛПП
У 2018 годзе на базе двух ЛПП (усяго ў краіне іх 8) Дэпартамэнт выканання пакаранняў МУС запусціў пілотныя праекты па комплекснай медыцынскай рэабілітацыі грамадзян з залежнасцямі ад псіхаактыўных рэчываў. Прынялі ўдзел у ініцыятыве 57 мужчын і 54 жанчыны.
— У аснове — метад комплекснай рэабілітацыі, распрацаваны Міністэрствам аховы здароўя, спецыялістамі РНПЦ псіхічнага здароўя. Мы ўжо назіраем добрыя вынікі. Пры лячэнні мы актыўна ўкараняем сучасныя падыходы. Праводзяцца медыцынскія, псіхатэрапеўтычныя, псіхакарэкцыйныя, выхаваўчыя мерапрыемствы. Арганізаваны арт-тэрапія, фільматэрапія, бібліятэрапія, вядзенне дзённікаў самарэгуляцыі. Пасля выхаду з ЛПП грамадзянам даецца "дарожная карта" з арганізацыямі, куды можна звярнуцца па дапамогу, — распавядае Наталля Зелянко, галоўны спецыяліст аддзела арганізацыі медыцынскага забеспячэння спецкантынгента кіравання тылавога забеспячэння ДВП МУС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.