Як за гады мяняліся патрэбы жыхароў Мінска (на думку чыноўнікаў)

Мінск і яго жыхары / Еўрарадыё
Мінск і яго жыхары / Еўрарадыё

У Мінску зменены пералік дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва. Адпаведнае рашэнне Мінгарвыканкама ад 11 сакавіка 2021 года №795 "Аб змяненні рашэння Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 26 чэрвеня 2003 года №1013" апублікавана на Нацыянальным прававым партале pravo.by.

З самой назвы пераліку выключана слова "мінімальныя" — цяпер гэта проста "дзяржаўныя сацыяльныя стандарты па абслугоўванні насельніцтва Мінска". І гэта, бадай, самае глабальнае змяненне. Еўрарадыё вырашыла параўнаць новую версію стандартаў з больш раннімі, каб зразумець, як з гадамі мяняліся патрэбы жыхароў Мінска (на думку чыноўнікаў, вядома).

Норма забеспячэння вадой для грамадзян, якія пражываюць у жылых дамах, абсталяваных цэнтралізаваным водазабеспячэннем і каналізацыяй

Яшчэ ў 2007 годзе лічылася, што мінчук расходуе "не менш за 260 літраў у суткі на аднаго чалавека, у тым ліку не менш за 130 літраў у суткі — на гарачае водазабеспячэнне". Аднак з 2014-га кожнаму мінчуку належыць па 140 літраў вады ў суткі, 70 літраў з якіх — гарачая.

Магчыма, чыноўнікі палічылі, што жыхары сталіцы занадта марнатраўна ставяцца да спажывання вады.

Нарматыў забяспечанасці навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі персанальнымі камп'ютарамі 

Тут прагрэс. У 2014 годзе чыноўнікі ўстанавілі патрабаванне "1 камп'ютар, у тым ліку партатыўны, на 30 навучэнцаў ці не менш за адзін камп'ютарны клас на ўстанову". Цяпер жа — па камп'ютары прыходзіцца на дзесяць чалавек, а камп'ютарных класаў павінна быць у навучальнай установе не менш за два.

IT-краіна як-ніяк!

Нарматыў мінімальнай забяспечанасці насельніцтва гандлёвай плошчай

У 2007 годзе на 1000 чалавек павінна было быць адкрыта 260 квадратных метраў гандлёвых плошчаў. У 2021 годзе — ужо 610 квадратных метраў!

Каб заможным грамадзянам было куды ў краму схадзіць.

Нарматыў мінімальнай забяспечанасці насельніцтва месцамі ў агульнадаступных аб'ектах грамадскага харчавання

І тут рост. У 2007 годзе нормы прадугледжвалі ўсяго 17 месцаў у грамадскім харчаванні на 1000 чалавек. Да 2021-га гэты паказчык вырас амаль у тры разы: да 45 на 1000 мінчукоў.

Узровень жыцця за 14 гадоў вырас настолькі, што ўтрая больш жыхароў сталіцы могуць сабе дазволіць сняданак, абед ці вячэру не дома?

Нарматыў забяспечанасці брыгадамі хуткай дапамогі

"Вярніце мой 2007-ы" наўрад ці скажа медык, які тады працаваў у хуткай. 14 гадоў таму на адну брыгаду прыпадала 14,5 тысячы жыхароў сталіцы. Цяпер жа іх разгрузілі на цэлых 500 патэнцыйных пацыентаў — 14 тысяч чалавек на брыгаду.

Нарматыў забяспечанасці дактарамі агульнай практыкі

У 2004 годзе на кожнага доктара прыпадала па 1400 мінчукоў, у 2021-м — 1300.

Але і дактароў цяпер гораду трэба больш: насельніцтва Мінска, паводле звестак перапісаў насельніцтва, павялічылася з 1 766 000 чалавек у 2004 годзе да 2 018 281 у 2020-м. У 2004-м сталіцы хапала 1261 доктара, цяпер — 1552.

Можна было б напісаць, што за 15 гадоў у сталічных дактароў працы стала менш, аднак не будзем забываць пра пандэмію каранавіруса, якую цяжка схаваць нават за афіцыйнай статыстыкай Мінздароўя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі