Як загібаўся “Трайпл” і як затрымлівалі Чыжа (хроніка падзей)

Як загібаўся “Трайпл” і як затрымлівалі Чыжа (хроніка падзей)

Падрабязнасці “справы Чыжа”, у тым ліку самыя драматычныя, 15 сакавіка раскрыў старшыня КДБ Валерый Вакульчык. Еўрарадыё склала храналогію развіцця падзей.

 

2011 год — першыя звесткі пра фінансавыя праблемы Юрыя Чыжа

Інфармацыя пра праблемы самага вядомага беларускага алігарха ўпершыню з’явілася ў 2011 годзе, і крыніцай яе стаў… Аляксандр Лукашэнка. У размове з амерыканскім прафесарам Рыгорам Іофэ кіраўнік Беларусі назваў Юрыя Чыжа жабраком. “Ды ну, гэта жабрак, у мяне пазычае грошы на праезд. Яшчэ 30 мільёнаў у бюджэт павінен. Але, праўда, плаціць вялікія працэнты. Які ён алігарх? Жабрак!.. Чыж у нас — гэта Чыжман. Ён падобны чыста на яўрэя, але ён не яўрэй. Такі бульбаш тыповы”, — расказваў Лукашэнка Іофэ, адказваючы на пытанне амерыканца аб вялікіх капіталах Юрыя Чыжа.

Як загібаўся “Трайпл” і як затрымлівалі Чыжа (хроніка падзей)

Чыж уцякаў ад КДБ на хуткасці 220 кіламетраў на гадзіну

Схема была такая: чатыры гады таму "Трайпл" перадаў згаданай фірме правы на таварны знак. Пасля штомесячна ён пераводзіў буйныя грашовыя сумы, нібыта, як аплату за карыстанне таварным знакам.

2012 год — стварэнне падстаўной фірмы

“Па яго (Чыжа — Еўрарадыё) указанні была створаная фірма, ажыццяўленне фінансава-гаспадарчай дзейнасці якой не меркавалася першапачаткова. Заснавальнікам стаў грамадзянін РФ — памочнік і кіроўца Чыжа… “Трайпл” перадаў гэтай фірме права на таварны знак. Потым фактычна штомесяц, за некалькі месяцаў да падачы справаздачнасці ў падатковую, буйныя грашовыя сумы пераводзіліся “Трайплам” у гэтую фірму пад выглядам выплаты за карыстанне таварным знакам”, — расказаў Вакульчык.

 

22 ліпеня 2015 года — апошняе публічнае з’яўленне Чыжа ў кампаніі Лукашэнкі

У гэты дзень кіраўнік Беларусі ў сваёй рэзідэнцыі ў Драздах вучыў касіць траву французскага акцёра Жэрара Дэпардзье. На шматлікіх фота і відэакадрах з гэтага вясёлага мерапрыемства можна было бачыць і бізнесмена Юрыя Чыжа. Праўда, на тых кадрах яго ля кіраўніка краіны не відаць: усё больш на заднім плане ў адзіноце альбо ў кампаніі хакейнага трэнера Міхаіла Захарава.

 

Жнівень 2015 — чуткі пра арышт партнёра Чыжа па бізнесе Уладзіміра Япрынцава

Аб арышце Япрынцава стала вядома з незалежных СМІ і неафіцыйных крыніц. Навіна выклікала хвалю абмеркаванняў. Каментатары сыходзіліся на думцы, што гэта ўдар па самім Чыжу. Усё ж Япрынцаў быў шматгадовым партнёрам бізнесмена і ледзь не блізкім сябрам. Драматызму сітуацыі дадавала тое, што Япрынцава арыштавалі разам з сынам. Праз некалькі дзён пасля затрымання Япрынцава спартыўныя журналісты з by.tribuna.com паспрабавалі нешта высветліць у самога Чыжа. Той толькі паціснуў плячыма: “Япрынцаў? Гэта я не каментую, хлопцы”.

Тым часам пасля сакавіцкай прэс-канферэнцыі высвятляецца, што Юрый Чыж… сам здаў партнёра спецслужбам. “Усё нашмат прасцей, чым многія думаюць. Улетку 2015 года ў КДБ з заявай аб супрацьпраўнай дзейнасці Уладзіміра Япрынцава звярнуліся Чыж і два яго партнёры з РФ”, — распавёў Валерый Вакульчык.

Як загібаўся “Трайпл” і як затрымлівалі Чыжа (хроніка падзей)

КДБ: Будуць новыя арышты

Старшыня КДБ сцвярджае, што рашэнне пра затрыманне Юрыя Чыжа ён прымаў асабіста, санкцыю ў Аляксандра Лукашэнкі не прасіў. Усё адбылося "вельмі хутка". Паводле яго слоў, "недатыкальных няма".

11 сакавіка 2016 года — КДБ атрымлівае інфармацыю аб злачынствах Юрыя Чыжа

“11 сакавіка былі атрыманыя непасрэдныя доказы датычнасці да дзейнасці (па ўхіленні ад выплаты падаткаў — Еўрарадыё) Чыжа. Па яго ўказанні была створаная фірма, ажыццяўленне фінансава-гаспадарчай дзейнасці якой не меркавалася першапачаткова. Заснавальнікам стаў грамадзянін РФ — памочнік і кіроўца Чыжа”, — расказаў кіраўнік КДБ Вакульчык. І дадаў, што гэтыя доказы спецслужбы атрымалі ад… Уладзіміра Япрынцава: “У ходзе расследавання гэтай крымінальнай справы (справы Япрынцава — Еўрарадыё) пры праверцы паказанняў Япрынцава і іншых былі атрыманыя доказы ўхілення ад выплаты падаткаў групы кампаній “Трайпл”.

 

11 сакавіка 2016 года — эпічныя ўцёкі ў Літву

На той жа прэс-канферэнцыі кіраўнік КДБ Вакульчык нечакана расказвае падрабязнасці пра затрыманне беларускага алігарха №1 (ужо былога, відаць). Калі яму верыць, то падзеі развіваліся надзвычай драматычна і настолькі адчайна, што дзеянні Юрыя Чыжа цяжка назваць лагічнымі. “Ён на велізарнай хуткасці, 220 кіламетраў у гадзіну, накіроўваўся ў бок літоўскай мяжы, потым павярнуў на брэсцкую трасу… Мы вымушаныя былі задзейнічаць план “Перахоп”, каб яго затрымаць і даставіць у СІЗА”, — расказаў старшыня КДБ.

 

У выніку атрымліваецца амаль анекдатычная сітуацыя — Япрынцаў кінуў Чыжа на грошы, той звярнуўся ў КДБ, які арыштаваў Япрынцава, а апошні на допытах расказаў пра злачынствы самога Чыжа, і КДБ арыштаваў Чыжа таксама. У выніку 20 чалавек з кіраўніцтва “Трайпла” і кампаній-партнёраў за кратамі ў “амерыканцы”. Па словах Валерыя Вакульчыка, у найбліжэйшы час “арышты яшчэ будуць”. Таму купляем папкорн.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі