Як жывецца ў Польшчы працоўным мігрантам з Грузіі
Давід Піпіа/JAMnews
Па матэрыяле JAMnews
У аэрапорце Кутаісі перад пасадкай на Вроцлаў можна пачуць усе дыялекты Заходняй Грузіі. Пажылому чалавеку таварышы тлумачаць, як праходзіць рэгістрацыю і пашпартны кантроль. Міма праходзіць пасажыр з поліэтыленавым пакетам замест сумкі.
Група мужчын — на выгляд сельскія жыхары — з апетытам вячэрае ў дарагой кавярні ў зоне д'юці-фры. Хтосьці дзеліцца планамі па тэлефоне — распавядае, што заначуе ў аэрапорце ва Уроцлаве, а потым адразу пойдзе шукаць працу. Так з першага погляду выглядае працоўная міграцыя з Грузіі ў Польшчу.
64-гадовы Гурам Джоджуа — ураджэнец вёскі ў Заходняй Грузіі. Ён таксама прыбыў ва Уроцлаў рэйсам з Кутаісі як турыст. На самай справе, славутасці гэтага прыгожага еўрапейскага горада яму мала цікавыя. Ён шукае тут працу.
У Гурама ў сяле плантацыя ў 900 каранёў фундуку. Але пасля таго, як навала мармуровага клапа знішчыла ўраджай, жыць не стала на што. Праца ў Польшчы, хай нават часовая, — адзіная яго надзея. Тым больш, што яго зяць ужо год як працуе ва Уроцлаве. "Я ўпэўнены, што мне дапамогуць і знойдуць працу", — кажа нам Гурам.
Чаму Польшча?
За апошнія два гады, пасля ўвядзення бязвізавага рэжыму з ЕС, Польшча стала адным з галоўных напрамкаў для грузінскай працоўнай міграцыі.
Паводле афіцыйных дадзеных, у 2018 годзе беспрацоўе ў Грузіі склала 12,7%. Шлях у Расію практычна зачынены з-за канфлікту і жорсткага візавага рэжыму. Галоўнымі напрамкамі міграцыі ў апошнія гады лічыліся Грэцыя, Турцыя, Італія і Германія. Але Польшчу выгадна адрознівае тое, што праца ў гэтай краіне легальная. Для грамадзян постсавецкіх краін, Украіны, Беларусі, Расіі, Малдовы, Грузіі і Арменіі, дазвол на працу афармляецца ў спрошчаным парадку. Для грамадзян Грузіі гэта практычна адзіны шанец уладкуецца на легальную працу за мяжой.
Эканамічны рост Польшчы у 2018 годзе склаў 5,1%. ВУП краіны расце бесперапынна ўжо 26 гадоў запар. Эканоміка Польшчы, у адрозненне ад іншых еўрапейскіх краін, пазбегла падзення падчас крызісу 2008-2009 гадоў. Галоўнае, у чым гэты эканамічны бум адчуваецца — дэфіцыт працоўнай сілы ў краіне.
"Сёння Польшча знаходзіцца ў складанай дэмаграфічнай сітуацыі. Кожны год з рынку рабочай сілы сыходзяць 700 тысяч чалавек, уваходзяць 400 тысяч. Страты складаюць 300 тысяч. Гэта працягваецца некалькі гадоў. У краіне папросту не хапае працоўных рук", — кажа Цэзарый Кажмерчак, кіраўнік Саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Польшчы.
Уласная рабочая сіла з'язджае з Польшчы ў краіны Заходняй Еўропы і Скандынавіі — там заробкі нашмат вышэйшыя, а палякі як грамадзяне ЕС маюць права на працу. Таму Польшча, каб кампенсаваць страты, імкнецца прыцягнуць працоўную сілу з краін былога СССР і Азіі.
Як кажа Кажмерчак, на дадзены момант каля васьмідзесяці адсоткаў працоўных мігрантаў у краіне — грамадзяне Украіны. Але і колькасць грузінскіх мігрантаў хутка расце. Калі да 2017 года іх у Польшчы практычна не было, то у 2018 годзе 12 тысяч грамадзян Грузіі атрымалі часовы дазвол на працу. І толькі 3700 з іх адкрылі працоўныя візы ў консульстве ў Тбілісі. Астатнія прыбылі ў краіну практычна як турысты, скарыстаўшыся бязвізавым рэжымам.
Давід Піпіа/JAMnews
Праца ёсць для ўсіх?
"Мы з мужам вырашылі пакінуць дзяцей дома і з'ехаць на працу ў Польшчу. Дапамажыце, калі ласка, знайсці якую-небудзь працу", — такі пост быў апублікаваны ў групе ў Facebook, у якой камунікуюць грузіны, якія пражываюць у Польшчы. Большасць пастоў у групе — просьбы дапамагчы з працай, альбо даць савет наконт дакументаў. Праца, як правіла, знаходзіцца хутка.
Зяць Гурама Джоджуа, Роланд Каджая (43 гады), прыехаў у Польшчу ў снежні 2017 года. Уладкаваўся на будоўлю ва Уроцлаве — на мантаж шклянога фасада за 15 злотых [каля 3,5 еўра] за гадзіну. Досведу ў яго ніякага не было, аднак, кажа, яму дапамог досвед па вырабе мэблі — гэта тое, чым ён займаўся ў Грузіі.
Пасялілі яго ў "гатэлі", у якім жылі па некалькі чалавек у пакоі, каштавала гэта 450 злотых у месяц [каля ста еўра].
Роланд паказвае сучасны офісны будынак — сваё першае месца працы, і з гонарам апісвае працоўны працэс, перамяжоўваючы грузінскую мову з польскімі словамі — "вінда" (ліфт), "вузэк" (вазок), "кероўнік" (кіраўнік).
За год з невялікім ён цалкам асвоіў размаўную польскую. Цяпер у яго ўжо трэцяя па ліку праца — на невялікім прадпрыемстве па вытворчасці мэблі, чым ён цалкам задаволены.
Заза Лабжанідзэ (47 гадоў) жыве ў Познані крыху менш за год. Працуе "магазінерам", гэта значыць кладаўшчыком на складзе буйной сеткі крамаў Żabka.
"Галоўнае, з-за чаго я прыехаў сюды, гэта даўгі перад банкам. Уся Грузія ў даўгах, я не выключэнне", — кажа Заза.
Знайсці працу ў Польшчы, паводле яго слоў, проста — можна прыехаць па бязвізавым рэжыме і звярнуцца ўжо на месцы ў які-небудзь офіс кампаніі-пасрэдніка.
Але з першага разу шанцуе не ўсім. Гела (імя змененае) у Польшчы шэсць месяцаў. Працуе на складзе буйной брэндавай кампаніі ў Гданьску. Атрымлівае каля 80 злотых [каля 18,5 еўра] за дзень. Кажа, што ўмовамі незадаволены і хацеў бы паехаць на працу куды-небудзь у Заходнюю Еўропу.
"Мяне не адзін раз тут падманвалі. Маўляў, ёсць для мяне праца, прыязджаю, а замест гіпсакардону, аказваецца, працаваць трэба з арматурай. Транспарт тут дорага каштуе, выходзіць, што выкідваў грошы на вецер. Працаваў на фабрыцы на 11 злотых за гадзіну. Паляк там жа на той жа пазіцыі атрымліваў 21 злоты. Пытаюся, чаму — адказваюць, таму што ён паляк".
Не падабаецца яму і стаўленне мясцовых: "Зусім не хочуць размаўляць па-руску. Нават нумар аўтобуса не падкажуць. А мы ўсіх замежнікаў у Грузіі шашлыкамі і хінкалі сустракаем".
"Скардзіцца няма каму"
Зураб Тарчынава жыве ва Уроцлаве больш за дваццаць гадоў. Грамадзянства атрымаў ад цяперашняга прэзідэнта Анджэя Дуды, чым вельмі ганарыцца. У маладосці быў акрабатам і выступаў у цырку. Даслужыўся ў Тбілісі да кіраўніка трупы. Але ў 90-я працы не стала, і ён вырашыў з'ехаць з краіны. Пасяліўся ва Уроцлаве, стварыў тут сям'ю. Пра свае заняткі распавядае скупа: "Вывучыўся рамяству, працаваў фізічна, цяпер заняты ў ахове".
Два гады таму грузіны пачалі прыязджаць ва Уроцлаў на працу. Зураб стаў для іх нефармальным абаронцам і часцяком апошняй надзеяй. На добраахвотных пачатках ён кансультуе суайчыннікаў, дапамагае з перакладам, у перамовах з працадаўцамі і пасрэднікамі вырашае пытанні з запазычанасцямі па заробках. Падчас нашай размовы яго тэлефон званіць амаль кожную хвіліну. Зураб кажа, што галоўная праблема большасці тых, хто прыязджае — іх недасведчанасць, а таксама недастатковая кваліфікацыя:
"Ім абяцаюць працу і дакументы. Але на месцы аказваецца, што чалавек не ўмее рабіць тое, дзеля чаго яго нанялі. У выніку людзі застаюцца без працы і пачынаюць шукаць новую".
Па словах Зураба, шмат выпадкаў, калі людзям затрымліваюць зарплату, а часам не плацяць наогул — заканчваецца тэрмін легальнага знаходжання, і яны вымушаныя з'язджаць без грошай. Зураб Тарчынава кажа, што юрыстаў ці арганізацый, якія абараняюць інтарэсы грузінскіх працоўных мігрантаў у Польшчы, няма. А ў саміх мігрантаў няма грошай на адвакатаў.
"Скардзіцца няма куды. Ім кажуць, што заробку трэба пачакаць. А ў людзей выходзіць 90-дзённы тэрмін, і яны вымушаныя з'язджаць", — тлумачыць Зураб.
Лекса Ахалая жыве ў Познані. Ён з горада Зугдзідзі ў Заходняй Грузіі. Па адукацыі гісторык, скончыў універсітэт у Варшаве, вучыўся ў дактарантуры ў Познані. Працу ў дыстрыб’ютарскай кампаніі сумяшчае з прадпрымальніцтвам — прывозіць з Грузіі рабочых на будоўлю, а цяпер шукае месца ў старым горадзе, каб адкрыць грузінскую пякарню.
Ён распавядае, што, напрыклад, пасольства Украіны ў Польшчы арганізавана дапамагае сваім мігрантам, у тым ліку ў атрыманні затрыманай зарплаты, і супрацоўнічае ў гэтай справе з польскімі ведамствамі. "Было б пажадана, каб Грузія зрабіла тое ж самае", — кажа Лекса.
Цямур Пурцэладзэ, саветнік пасольства Грузіі ў Польшчы, распавядае, што ў дыппрадстаўніцтве дзейнічае "гарачая лінія", куды грамадзяне Грузіі звяртаюцца па дапамогу.
У асноўным, паводле яго слоў, людзі цікавяцца тым, як трапіць на працу ў Польшчу, а таксама звяртаюцца ў выпадку праблем з атрыманнем зарплаты. "Мы па меры сіл стараемся дапамагчы", — распавядае Пурцэладзэ. У той жа час, кажучы пра грузінскую працоўную міграцыю ў Польшчу, ён згадвае слова "хаатычная". Відавочна, што справіцца з яе узрастаючымі маштабамі грузінскаму прадстаўніцтву складана.
Цэзарый Кажмерчак таксама кажа, што маштабы працоўнай міграцыі ў Польшчы практычна сталі нечаканасцю для польскіх службы, адказных за міграцыю. І менавіта ў гэтым прычына праблем, з якімі сутыкаюцца мігранты.
"Польшча — не краіна імігрантаў. Дзяржава проста не спраўляецца з такім наплывам людзей", — кажы Кажмерчак.
Легальнае знаходжанне — наколькі гэта складана?
Для таго, каб легальна ўладкавацца на працу ў Польшчы, неабходна атрымаць часовы дазвол на працу. Для гэтага працадаўца павінен звярнуцца ў орган мясцовага самакіравання. Як правіла, атрыманне такога дакумента — пытанне некалькіх дзён.
Маючы такі дазвол, можна атрымаць працоўную візу тэрмінам ад шасці месяцаў да года, а можна адправіцца ў Польшчу, скарыстаўшыся правам знаходжання без візы на працягу трох месяцаў.
Ужо знаходзячыся ў Польшчы, можна падаць на атрыманне часовага віду на жыхарства, "карты пабыту", на тры гады. Для гэтага трэба прадставіць дакументы з месца працы і аб арэндзе жылля, а таксама выплаціць пошліну ў памеры 450 злотых [каля ста еўра]. Аднак варта ўлічваць, што пытанне "карты пабыту" жорстка звязанае з месцам працы — калі чалавек сыходзіць з працы, адкуль падаваў на карту, то падавацца трэба зноў — ужо з новай працы.
Па прычыне вялікага наплыву мігрантаў і загружанасці польскай міграцыйнай службы, чакаць "карты пабыту" прыходзіцца доўга — часта больш за год. Аднак чалавек, які падаў на карту, мае права на легальнае знаходжанне і працу ў Польшчы.
Польшча — плюсы і мінусы
— Галоўны плюс працоўнай міграцыі ў Польшчу — легальная праца. У тым ліку, для нізкакваліфікаваных работнікаў.
— Вялікі плюс, пра які нам казалі ўсе, каго мы пра гэта пыталіся, — стаўленне мясцовага насельніцтва да Грузіі і грузін. Палякі ў асноўным да грузін ставяцца вельмі станоўча.
— Мінус для грузінскіх мігрантаў — параўнальна нізкія заробкі (у параўнанні з Германіяй, Грэцыяй, Італіяй і іншымі заходнееўрапейскімі краінамі). "Варта ўлічваць, што, калі ў чалавека вялікая фінансавая праблема, працай у Польшчы яе не вырашыш. Максімум можна будзе адпраўляць дадому 500 долараў у месяц", — тлумачыць нам Заза Несуашвілі.
Моўны бар'ер — галоўны мінус
У адрозненне ад украінцаў і беларусаў, грузіны не ведаюць і не разумеюць польскай мовы. А шмат хто не ведае і рускай. Гэта стварае вялікія праблемы. "Калі не разумееш, што табе кажа начальнік, калі табе кажуць зрабіць адно, а ты робіш нешта іншае — хто будзе трымаць такога чалавека на працы?" — кажа Роланд Каджая.
Спадзявацца на веданне англійскай таксама не выпадае: часам гэта не дае ніякіх пераваг. Затое дапамагае веданне рускай — на ёй лягчэй кантактаваць з кампаніямі-пасярэднікамі, дзе працуюць у асноўным украінцы.
Агенцтвы-пасярэднікі
Мы звярнуліся ў агенцтва, якое рэкламуе сябе з дапамогай Facebook на грузінскай мове. Па пазначаным на старонцы тэлефоне нам адказалі, што ў дадзены момант вакансій няма. Вакансіі агенцтву дае офіс у Познані.
Каштуюць паслугі агенцтва 300 еўра. Сюды ўваходзіць, па словах суразмоўніцы, "гарантаванае працоўнае месца". Прыязджаць рэкамендуецца па бязвізавым рэжыме, аднак агенцтва не арганізуе "карту пабыту" і яе атрымліваць давядзецца самастойна.
У цяперашні час у Грузіі працуе да 60 кампаній, якія займаюцца працоўнай міграцыяй за мяжу.
З 2015 года, згодна з законам Грузіі аб працоўнай міграцыі, пасрэдніцкая дзейнасць па пошуку працы за мяжой рэгулюецца. Як распавёў Георгій Бунтуры, кіраўнік упраўлення па пытаннях міграцыі Міністэрства працы і аховы здароўя і сацыяльнай абароны Грузіі, кампаніі-пасярэднікі абавязаныя рэгістравацца ў публічным рэестры згодна са сваім родам дзейнасці і падаюць кожны год справаздачы.
"Суіскальнік працы павінен добра вывучыць, куды адпраўляецца і на якіх умовах. Ён павінен пераканацца, што сапращды атрымае дазвол на працу, а таксама азнаёміцца з працоўнай дамовай або, па меншай меры, з яе ўзорам", — кажа Бунтуры.
Георгій Бунтуры кажа, што ўрад Грузіі шукае шляхі для заключэння дамоў з іншымі краінамі ЕС, каб адкрыць магчымасць працоўнай міграцыі для грамадзян Грузіі. З 1 лютага пачала дзейнічаць дамова з Францыяй. Праўда, паехаць туды на працу не так проста, як у Польшчу.
У той жа час менавіта Польшча, як лічаць эксперты, чым далей, тым больш будзе мець патрэбу ў працоўнай сіле. Як кажа Цэзарый Кажмерчак, да 2050 года дэфіцыт працоўнай сілы ў Польшчы складзе пяць мільёнаў чалавек. Калі нешта не зменіцца, па-ранейшаму будуць запрашаць мігрантаў. У той жа час, паводле яго слоў, Польшчы пашанцавала з тым, што замежнікі, якія прыбываюць у гэтую краіну, працуюць, а не сядзяць на дапамозе, як у краінах Заходняй Еўропы.
Пры падтрымцы "Медыясеткі".