Як зменіцца рух транспарту з-за велагонак у Мінску ў аўторак
У аўторак, 25 чэрвеня, у рамках Еўрапейскіх гульняў у Мінску пройдзе індывідуальная велагонка. З гэта прычыны з 8:30 да прыблізна 15:30 па маршруце будзе закрыты рух транспарту. Прэс-служба сталічнай ДАІ ў Telegram інфармуе, па якіх вуліцах пройдзе велагонка. Яна пачнецца на Інтэрнацыянальнай вуліцы. Раварысты паедуць па вуліцах Янкі Купалы, Куйбышава, Алаізы Пашкевіч, Максіма Багдановіча. Разварот будзе перад скрыжаваннем Старажоўскай і Камуністычнай вуліц. Велагонка далей пройдзе па вуліцах Старажоўская, Максіма Багдановіча, Няміга, Раманаўская Слабада, Кальварыйская, Ціміразева. На скрыжаванні вуліц Ціміразева і Лесі Украінкі адбудзецца чарговы разварот. Далей — Ціміразева, Кальварыйская, Раманаўская Слабада, Няміга, Багдановіча, Янкі Купалы, дзе будзе паварот на другое кола на вуліцы Куйбышава. Фініш — на Інтэрнацыянальнай вуліцы.
У панядзелак адбылася рэпетыцыя індывідуальнай гонкі. ДАІ паведамляе, што рух транспарту будзе абмежаваны не толькі ў цэнтры, але і на праспекце Дзяржынскага ў бок цэнтра. У раёне развязкі з праспектам Жукава транспарт перанакіруюць на другое транспартнае кола. Тое самае будуць рабіць і на скрыжаванні праспекта Пушкіна і вуліцы Прытыцкага (у бок Кальварыйскай вуліцы). Магчымыя абмежаванні і на праспекце Пераможцаў. Аднак ДАІ, прымаючы рашэнні, будзе арыентавацца на сітуацыю на вуліцах і праспектах. Мінчукам і гасцям горада рэкамендуюць 25 чэрвеня адмовіцца ад выкарыстання асабістага транспарту.
"Мінсктранс" паведамляе пра змену маршрутаў грамадскага транспарту з-за велагонкі.