Як змяніліся даходы беларусаў і на чым яны цяпер эканомяць

Як змяніліся даходы беларусаў і на чым яны цяпер эканомяць / Еўрарадыё

 
Як змяніліся даходы беларусаў і на чым яны цяпер эканомяць / Еўрарадыё  

Беларускія чыноўнікі з зайздроснай перыядычнасцю расказваюць на ТБ, як беларуская эканоміка паказвае цуды і спраўляецца з санкцыямі, як у нас расце сярэдні заробак, а цэны на тавары зніжаюцца (ну, ці прынамсі не растуць). У рэальнасці ж карціна складваецца не такая вясёлкавая шмат у каго ўпалі не толькі рэальныя заробкі, але і нават намінальныя, перспектыў росту няма і альтэрнатыў таксама, асабліва ў жыхароў малых гарадоў.

Еўрарадыё даведалася ў беларусаў, як за апошнія год-два змяніліся іх заробкі, на што ім хапае грошай, як яны жывуць і на чым эканомяць.

"Улады кажуць, што ў нас цэны не растуць, але яны растуць, і даволі хутка"

Аксана жыве ў Мінску. Цяпер яна працуе ў сферы IT, займае адну з пачатковых пазіцый. Дзяўчына кажа, што атрымлівае каля 700 долараў у эквіваленце. На мінулай працы, якую яна змяніла каля года таму, яна зарабляла прыкладна столькі ж, таму лёгка можа параўнаць, як жылося на такія грошы тады і цяпер.

Жыву я адна, таму майго заробку мне хапала. Грошай я ніколі не лічыла, купляла што хацела. У разумных межах, вядома. Я здымаю аднапакаёўку ў Курасоўшчыне. Плачу 200 долараў плюс камунальныя паслугі каля 60 рублёў. У 2021 годзе я плаціла за арэнду 180 долараў. Летась у студзені гаспадыня сказала, што падымае плату. Гэта было крыху дзіўна, таму што жыллё на той момант, наадварот, таннела. Мабыць, яна скарысталася тым, што я рамонт зрабіла і наўрад ці захачу з'язджаць, — дзеліцца дзяўчына.

Аксана заўважыла, што пачала значна больш траціць на ежу. Калі раней ёй 200 долараў хапала, каб харчавацца як хочацца, хадзіць у кавярні і замаўляць дастаўку, то цяпер даводзіцца больш гатаваць самой.

Шчыра скажу, што эканоміць на ежы я не прывыкла. Калі хочацца сушы, замаўляю сушы. Калі захацелася пад-тай, бяру яго. Раней я магла пайсці на рынак і накупляць сабе кучу садавіны і агародніны, рыбы смачнай. Люблю пасядзець у кавярні, кавы з круасанамі выпіць. Але апошнім часам пачала заўважаць, што грошы разыходзяцца значна хутчэй, чым, да прыкладу, год таму. Улады нібыта кажуць, што ў нас цэны не растуць, але яны растуць. І даволі хутка. На месцы яны стаяць толькі на тыя прадукты, якія адносяцца да тавараў першай неабходнасці. А калі ты хочаш купіць штосьці лепшае, то гэта значна падаражэла. Я заўсёды купляла адны і тыя ж крэветкі. Улетку 500 грамаў каштавалі 9,99 рубля. Потым яны падаражэлі да 12 з лішнім. Цяпер 13,99. Гэта значыць, на 4 рублі цана паднялася. І ўжо неяк жаба душыць іх купляць, — працягвае суразмоўца. — Тая ж садавіна наогул па касмічных цэнах стала, не кажучы ўжо пра агуркі. Яны ж па 18 рублёў за кілаграм прадаюцца.

Как изменились доходы белорусов и на чем они теперь экономят

Дзяўчына кажа, што і паслугі падаражэлі. Курсы англійскай на 5 рублёў занятак. Стрыжка кончыкаў валасоў у яе цырульніка на 3 рублі.

Цяпер я прыходжу ў краму і пачынаю думаць, браць ці не браць шакаладку? А бананы мне патрэбныя ці яблыкамі абыдуся, бо яны таннейшыя? Дастаўку за апошнія тры месяцы замаўляла толькі адзін раз. Хутка лета, паехаць кудысьці хочацца. Таму трэба старацца ўсё не праядаць, а нешта адкладаць. Раней 100-150 долараў адкладала. А часам і 200. Цяпер нават 100 у месяц з цяжкасцю.

Эканоміць Аксана пачала і на адзенні. Паводле яе слоў, цяпер "сто раз думаеш, браць ці не браць нават майку".

Шмоткі я заўсёды любіла. Вельмі дарагія не купляла, мас-маркет у асноўным. З кожнага заробку адну-дзве абноўкі. А цяпер мала таго, што выбар зрабіўся ніякім, дык яшчэ і кошты атамныя. Прымераеш джынсы, нібыта падабаюцца. Але каштуюць больш за 100 рублёў. Здаецца, што і ў старых можна пахадзіць яшчэ. Не, я не хачу сказаць, што я бядую. Але многае з таго, што я магла дазволіць сабе раней, на жаль, сёння ўжо не магу.

"Гляджу вакансіі ў Еўропе, імаверна, паеду на заробкі"

Павел, як і Аксана, жыве ў Мінску. Працуе ў сэрвісе па рамонце машын. Малады чалавек кажа, што такога нізкага заробку ў яго яшчэ ніколі не было. І цяпер ён падумвае змяніць прафесію.

Паўтара года таму зарабляў 1600-1800 рублёў у месяц. А калі было шмат замоў, то і ў выходныя працаваў, а гэта яшчэ прыбаўка. У студзені я атрымаў 890 рублёў! І гэта не таму, што я не хачу працаваць. Хачу. Проста няма ні запчастак толкам, ні замоў. Людзі эканомяць, цягнуць да апошняга. Не бягуць, як раней, у сэрвіс, калі дзесьці нешта застукала. Бываюць тыдні, калі ў мяне болей выходных, чым працоўных дзён. Ну і як вы думаеце, я эканомлю? На ўсім, чым можна! з абурэннем расказвае Павел.

Как изменились доходы белорусов и на чем они теперь экономят

Як кажа хлопец, вельмі дапамагае тое, што ён непатрабавальны ў ежы. Купляе недарагія прадукты.

Але нават на самае неабходнае вылятае кучу грошай. Узяў малако, смятану, тварог, кавалачак варанай каўбасы, хлеб, пачак печыва — 15 рублёў. Гародніна і закаткі ў мяне з лецішча. Эканомія на цяперашні момант. Але вясной-летам насенне купі, угнаенні купі, паліва, каб ездзіць на лецішча, таксама не бясплатнае. Раней я піў каву 5-6 раз у дзень. Вялікі пачак сыходзіў за некалькі дзён. Цяпер рэальна п'еш менш, бо кожны пачак — гэта 16 рублёў. І гэта я яшчэ недарагую п'ю.

Павел адзначае, што зніжэнне заробку вельмі моцна скарэктавала яго жыццё. Бо сёлета ён планаваў зрабіць рамонт у памяшканні і адкрыць уласную майстэрню. Цяпер так хутка зрабіць усе неабходныя працы не атрымаецца.

Акрамя таго, я не магу, як раней, дапамагаць бацькам. Мінулай вясной яшчэ вітаміны нейкія маме купляў, лекі. Будаўнічыя матэрыялы для лецішча аплачваў. Цяпер гэта складана. І тут я нават не эканомлю, а рэальна не магу сабе дазволіць многае. Гляджу вакансіі ў Еўропе. Імаверна, паеду на заробкі. Бо ў Беларусі ніякай прыдатнай працы з адэкватным заробкам пакуль не бачу.

"Добра ў нас усё толькі па тэлевізары"

Паводле слоў Марыі Мікалаеўны, якая працуе ў бюджэтнай арганізацыі, заробак за апошнія два гады ў яе не зніжаўся, нават рос. Бо яго індэксавалі праз інфляцыю. Але на свае 650 рублёў яна нават год таму магла купіць значна больш, чым цяпер. Кажа, пайшла б на іншую, больш высокааплатную працу, але ў горадзе, дзе яна жыве, проста няма такіх вакансій. Усюды заробкі невысокія.

Как изменились доходы белорусов и на чем они теперь экономят

— Муж у мяне таксама бюджэтнік, але атрымлівае больш, чым я. Дзесьці 1000-1200 рублёў, залежыць ад месяца. І палова гэтых грошай сыходзіць дачцэ. Яна будуе кватэру, трэба дапамагчы. На тысячу з лішнім жывём самі, тлумачыць суразмоўца. На прадуктах мы не эканомім. І так бралі недарагія і без экзотыкі: хлеб, батон, курыцу, мінтай або хек часам, малочнае, яйкі. Бульба, капуста, буракі, морква, цыбуля ў нас свае. Закаткі, варэнне ядзім. Муж любіць у выходныя на рыбалку схадзіць, калі цёпла. Дык часам і рыбы шмат прыносіць, праўда, дробнай.

Жанчына кажа, што эканоміць яна пачала на фарбе для валасоў, шампунях, пральных парашках і іншым.

Раней я раз на два месяцы фарбу для валасоў купляла. Дарагую. Фарбавала мяне сяброўка, у цырульню не хадзіла. А цяпер фарбу таннейшую бяру і ў цырульню нават стрыгчыся не хаджу. Толькі да сяброўкі. Яна вучылася на цырульніка, трэніруецца на мне. Мужа сама дома машынкай стрыгу. Таксама эканомія. Шампуні-бальзамы пачала браць не тыя, якія хачу, а тыя, што менш каштуюць. Ну, і па якасці адносна нядрэнныя. Карыстаюся цяпер толькі беларускімі парашкамі. Насамрэч імпартных і ў продажы стала менш.

Адзенне Марыя Мікалаеўна купляе рэдка і ў асноўным у крамах таннага адзення.

Ведаеце, іх звычайна азіяты трымаюць. Якасць, вядома, не вельмі добрая, але часам трапляецца сёе-тое больш ці менш прыстойнае. Радзей хаджу на рынак. Там цяпер кошты як у крамах, а то і вышэйшыя. Ды і куды яго насіць, гэтае адзенне? Толькі на працу.

Суразмоўніца таксама дадала, што яны з мужам асабліва нікуды не ходзяць і не ездзяць. У выходныя глядзяць унукаў — дзяцей старэйшага сына. Рэдка ездзяць у Мінск да дачкі. Але яна цяпер жыве ў інтэрнаце, таму спыніцца там асабліва няма дзе.

Кавярні, рэстараны — гэта не для нас ужо, гэта для моладзі. Тэатра ў нас няма, рэдка хто прыязджае. Тое ж і з канцэртамі. Так што на забавах мы, можна сказаць, заўсёды эканомілі. У нас традыцыйная беларуская забава — лецішча і агарод, — жартуе Марыя Мікалаеўна. Кватэру дачцэ дабудуем, тады ўжо і для сябе пажывём. Можна будзе нешта і адкласці, і рамонт дома зрабіць. Пакуль давядзецца пацярпець. Зразумела, што цэны растуць. Кожны раз заходзіш у краму — нешта падаражэла. Дзесьці на капейкі, дзесьці — на дзясяткі капеек. Добра ў нас усё толькі па тэлевізары. Але, думаю, што ў найбліжэйшы час з голаду мы не памром, голымі-босымі хадзіць не будзем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі