Якой будзе люстрацыя: дэмсілы расказалі, якім чыноўнікам нічога не пагражае
"Дзяржслужбоўцы, якія сумленна выконваюць сваю працу, павінны працягваць гэта рабіць" / president.gov.by
Большасць дзяржслужбоўцаў, якія сумленна выконваюць сваю працу, павінны працягваць гэта рабіць, адзначыла Святлана Ціханоўская, расказваючы пра сваё бачанне "пераходнага перыяду" на канферэнцыі "Новая Беларусь" у Вільні.
— Наша задача — забяспечыць бесперабойную работу дзяржавы. У пераходны перыяд усе пенсіі, заробкі, сацыяльныя выплаты, стыпендыі павінны выплачвацца без збояў. Таму большасць дзяржслужбоўцаў, якія сумленна выконваюць сваю працу, павінны працягваць гэта рабіць. А са справамі тых, хто здзяйсняў злачынствы, будуць разбірацца праваахоўныя органы і суд.
Сугучнае меркаванне выказаў намеснік кіраўніка НАУ экс-амбасадар Беларусі ў Аргенціне Уладзімір Астапенка. Ён заўважыў, што люстрацыя не павінна стаць спосабам "звядзення рахункаў з рэжымнымі палітыкамі і чыноўнікамі".
— Найбольшая колькасць пытанняў будзе ўзнікаць да прызначэнцаў, якія сёння фігуруюць у кадравым рэестры Лукашэнкі. Ці то па добрай волі, ці то пад прымусам, ці то па дурасці, ці то па няздольнасці зразумець гістарычныя тэндэнцыі. Уяўляецца, што ўсе яны сёння ёсць саўдзельнікамі злачынстваў па незаконным захопе і сілавым утрыманні ўлады, — кажа Астапенка.
Але ён запрасіў чыноўнікаў далучацца да кадравага рэзерву "новай Беларусі":
— Новай Беларусі патрэбныя будуць кампетэнтныя спецыялісты, таму мы запрашаем тых, хто ў стане ацаніць найбольш аптымальныя шляхі развіцця для сваёй краіны і будучых пакаленняў, далучацца да кадравага рэзерву новай Беларусі. Праца па яго фармаванні будзе істотна актывізавана.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.