Януковіч прызнаўся, што прасіў Пуціна ўвесці войскі ва Украіну

Януковіч прызнаўся, што прасіў Пуціна ўвесці войскі ва Украіну

Віктар Януковіч пацвердзіў, што прасіў Уладзіміра Пуціна ўвесці расійскія войскі на тэрыторыю Украіны. Такое прызнанне прагучала падчас прэс-канферэнцыі, якую экс-прэзідэнт Украіны даў 25 лістапада.

Пры гэтым Януковіч адзначыў, што яго просьба была эмацыйнай.

"Дакумент гэты сапраўды быў, было эмацыйнае рашэнне нейкім чынам паўплываць на наступленні незаконных ваенных фарміраванняў, на гвалт у Данбасе", — цытуе УНІАН словы Януковіча.

Разам з тым, былы ўкраінскі прэзідэнт заяўляе, што такая яго просьба "не была рэалізаваная".

Пра наяўнасць такой просьбы 4 сакавіка 2014 года на пазачарговым пасяджэнні Савета бяспекі ААН паведаміў пастаянны прадстаўнік Расіі ў ААН Віталь Чуркін. Па яго словах, 1 сакавіка Януковіч пісьмова папрасіў Пуціна ўжыць расійскія войскі "для абароны насельніцтва Украіны". Таму, па словах Чуркіна, дзеянні Расіі ва Украіне трэба лічыць цалкам адэкватнымі і легітымнымі.

Нагадаем, 1 сакавіка 2014 года Савет Федэрацыі Расіі аднагалосна даў Пуціну згоду на выкарыстанне войскаў ва Украіне. Пазней гэтае рашэнне было афіцыйна адмененае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі