Яраш стварае ва Украіне новы грамадска-палітычны рух

Яраш стварае ва Украіне новы грамадска-палітычны рух

Народны дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Дзмітрый Яраш стварае новы грамадска-палітычны рух. Яго ўстаноўчы з'езд запланаваны на люты 2016-га. Нядаўна палітык склаў з сябе паўнамоцтвы лідара руху "Правы сектар".

У распаўсюджанай заяве Яраш адзначае, што "прыйшоў час засяродзіцца на важных для дзяржавы рэчах". Патрыятычны рух, ядром якога з'яўляюцца добраахвотнікі, які ваявалі на Данбасе, вырас, умацаваўся і "пераходзіць на новы этап свайго развіцця". "Цяпер мы хочам паўстаць ня як вузкафункцыянальны, а як агульнанацыянальны патрыятычны рух, з мэтай аб'яднаць усіх патрыётаў Украіны. Без радыкалізму на мяжы з маргінэсам, але і без ліберальнай дэмагогіі", — цытуе заяву Дзмітрыя Яраша УНІАН.

Палітык катэгарычна супраць "псеўдарэвалюцыйнай дзейнасці", якая пагражае існаванню ўкраінскай дзяржавы. Лічыць, што дзяржава ў сённяшнім яе выглядзе — гэта "плацдарм для атрымання нацыянальнай дзяржаўнасці". У ёй трэба правесці "рэвалюцыйныя змены, якія забяспечаць украінскаму народу свабоду, справядлівасць і дабрабыт".

Новы рух будзе знаходзіцца ў апазіцыі да цяперашняй улады. У яго склад будзе ўваходзіць "Добраахвотная ўкраінская армія", якая ствараецца на аснове 5-га і 8-га батальёнаў Добраахвотнага ўкраінскага корпусу (структуры "Правага сектару") і медыцынскага батальёну.

Такім чынам, "Правы сектар" падзяліўся на дзве часткі. Адну Яраш спрабуе вывезці з-пад магчымага ўдару сілавікоў і легалізаваць пад іншай назвай. Іншую частку ён заклікае да "далейшага развіцця" і "выхаду на якасна новы ўзровень".

Фота: УНІАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі