Ярмошына паведаміла, каго не запросяць для назірання за парламенцкімі выбарамі
Нідзе не зарэгістраваныя "псеўдаміжнародныя" арганізацыі не будуць запрошаныя для назірання за сёлетнімі парламенцкімі выбарамі ў Беларусі. Пра гэта 17 траўня паведаміла журналістам у Мінску старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.
"Такія арганізацыі нідзе не зарэгістраваныя, гэта міжнародныя ініцыятывы, якія складаюцца з прадстаўнікоў розных арганізацый. Мы не адносім іх да міжнародных арганізацый і не запрашаем іх", — перадае БелаПАН словы чыноўніцы.
Разам з тым, падкрэсліла яна, некаторыя прадстаўнікі такіх арганізацый змогуць назіраць за выбарамі, калі яны будуць уключаныя ў місіі назіральнікаў СНД і АБСЕ.
МЗС Беларусі, як распавяла старшыня ЦВК, накіруе запрашэнні для ўдзелу ў назіранні найбольш аўтарытэтным арганізацыям — СНД, АБСЕ, Савет Еўропы. Сваіх назіральнікаў на выбары хоча даслаць і Еўрапарламент.
Ярмошына заявіла, што ЦВК будзе запрашаць да назірання сваіх калег з цэнтральных выбарчых камісій іншых краін, але гэтыя запрашэнні практычна не датычацца краін Еўропы. "Мы запрашаем тых, хто запрашае на выбары нас. З еўрапейскіх краін нас запрашалі толькі Літва і Латвія", — падкрэсліла яна.