Яшчэ тры акторы пакінулі Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі

Яшчэ тры акторы пакінулі Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі

5 красавіка з Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі звольнілі актрысу Алену Баяраву. Яна адпрацавала ў тэатры 22 гады. 

"Калегам, якія будуць іграць мае ролі, — поспеху. А я — у чаканні новых творчых прапановаў", — напісала актрыса ў сацсетках.

Як высветлілі журналісты, за сакавік — пачатак красавіка 2022 года з тэатра сышлі яшчэ тры акторы: Марыя Пятровіч, Марына Здаранкова і Максім Шышко. Біяграфіі ўсіх траіх зніклі з сайта РТБД.

Дарэчы, Максіма Шышко 27 лютага затрымлівалі на антываеннай дэманстрацыі. Пазней з'явілася інфармацыя, што яго выслалі з Беларусі і забаранілі ўезд на 10 гадоў. Максім нарадзіўся ва Украіне ў 1989 годзе.

Звальненні або вымушаны сыход з тэатра працягваюцца з восені 2020-га. Тады з РТБД сышлі Мікалай Стонька і Андрэй Новік. Стонька такім чынам пратэставаў супраць цэнзуры, а Новік сышоў "на знак салідарнасці з страйкоўцамі і звольненымі".

У траўні 2021 года з Беларусі з'ехаў актор Ілля Ясінскі, які ўдзельнічаў раней у акцыях і быў затрыманы падчас аднаго з маршаў. Тады яму зламалі пазванкі. У 2021-м акторам зноў зацікавіўся Следчы камітэт, пасля чаго ён пакінуў радзіму. 

Напрыканцы снежня 2021 года з РТБД звольнілі мастацкага кіраўніка Аляксандра Гарцуева, які ўзначальваў тэатр з 2012 года. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі