Былога высокапастаўленага афіцэра МУС будуць судзіць за пратэсты
Сяргей Сандалюк (справа)
У Мінску за ўдзел у пратэстах будуць судзіць Сяргея Сандалюка — былога намесніка начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП) МУС, піша "Зеркало". Гэтае ведамства кіруе ўсёй пенітэнцыярнай сістэмай краіны — турмамі, калоніямі, СІЗА ды іншымі папраўчымі ўстановамі.
Разам з Сандалюком судзяць і яго жонку Анжэлу. Працэс над імі пачнецца 6 жніўня ў 10:30 у Кастрычніцкім судзе сталіцы. Іх вінавацяць паводле "народнага" артыкула (ч. 1 арт. 342 КК) у "актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак".
Сяргею Сандалюку 53 гады. Шмат гадоў ён служыў у вайсковай часці 7404 у Баранавічах — гэта 4-я спецыяльная міліцэйская брыгада ўнутраных войскаў МУС, даслужыўся да яе камандзіра. Нейкі час Сандалюк таксама служыў у буйной 5-й брыгадзе ўнутраных войскаў МУС у Магілёве (в/ч 6713). У 2013 годзе Сандалюк пайшоў на павышэнне — стаў намеснікам начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў. Ён адказваў за ідэалогію і кадры.
На мяжы 2018-2019 гадоў Сандалюк пайшоў у адстаўку. Паводле неафіцыйных звестак, ён нібыта паспрабаваў прыкрыць ад адказнасці свайго кіроўцу, які перавысіў сілу. Сам палкоўнік казаў, што проста вырашый пайсці на пенсію.
У студзені 2019-га Сандалюк зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік, які здае пасутачна жыллё ў арэнду.
З Анжэлай яны жанатыя з 1999 года.
Калі затрымалі мужа і жонку Сандалюкоў — невядома. Таксама невядома, былі яны ў СІЗА ці на волі падчас следства. Паводле "народнага" артыкула ім пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.
Суддзёй па справе выступае Алена Жывіца. Яна спецыялізуецца па палітычных працэсах. У прыватнасці, яна судзіла музыкаў гурта Nizkiz.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.