Йо-Йо. "Респект Менделееву"

130118_agljadacha_0.mp3

Мінскі ска-бэнд “Йо-Йо” нарэшце выдаў свой выпакутаваны трэці альбом. Пакуты тычыліся звядзення матэрыялу — на гэта музыкі паклалі цэлых 2 гады! Праўда, час не паўплываў на мажорны лад пласцінкі, яе бадзёрасць і актуальнасць. Музыка “Респекта Менделеева” не можа быць неактуальнай, пакуль жывуць на свеце людзі, якія прагнуць дабра, пазітыву, лёгкасці і мілага пафігізму.

З лідарам гурта Віктарам Гурыным можна цалкам пагадзіцца — альбом сапраўды ўздымае настрой. Нават прастуда лечыцца хутчэй, калі слухаеш песні кшталту “Купить кота”. Па-добраму зайздросціш герою трэку “Власть минут”, які сам сабе прызначае дэдлайны і распараджаецца часам, як футбольным мячом. І ўвогуле, пачынаеш нібыта ўздымацца над рэчаіснасцю і разумець — можна жыць лягчэй. І зараджаешся гэтай лёгкасцю. Дарэчы, адзінкавыя беларускія гурты валодаюць гэтым неверагодным дарам — зараджаць слухача.

“Йо-Йо” не “грузяць”. У адрозненне ад сваіх калег з ужо неіснуючага ска-гурта “Пару рублей”, яны не паразітуюць на алка-тэме, не спрабуюць ўбіць у кожную галаву сваё “жыццёвае крэда”. Яны лёгенька прабягаюцца па ёй, паведамляючы што так, ёсць ён, “Зелёный змей”, з-за якога “мы так хутка старэем”. Натуральна, што без “Зелёного змея” няма і “Творческого отпуска”. Тут мае працяг тэма “Пару рублей” “какая жизнь – такая музыка, какая музыка — такой куплет, а счастья не было и нет”. Праўда, у “Йо-Йо” шчасце ёсць! Галоўнае, “не жалеть ни о чём”.

І яшчэ альбом “Йо-Йо” — пра каханне. Пра каханне гурт піша ўвогуле цудоўныя песні. З налётам ціхага суму і няўлоўнай надзеяй на лепшае. І, няважна, ці гэта цяжкаваты мядляк, ці танцавальнае прыемнае а-ля лаціна ў духу гурта Umaturman ці звычайны ска-раскаўбас — у гурта атрымліваецца цікава і проста гаварыць пра такую складаную рэч, як каханне.

Падабаецца, што “Йо-Йо” эксперыментуюць. Стылістыка SKA з’яўляецца для іх ніткай, на якую якіх толькі пацерак каманда не нанізвае. У выніку, мы маем якасна аздоблены бранзалет, упрыгожаны віртуознымі партыямі духавых Сасноўцава і Карповіча і паветранымі сола гітары Гаўрыліка. І пра Віктара Гурына. Віктар унікальны тым, што пры любых жыццёвых абставінах ён працягвае пісаць песні. Яго крыніца натхнення невычэрпная. Адны гурты знікаюць, іншыя паўстаюць, а Віця Гурын піша песні — вясёлыя, добрыя, крыху сумныя. І добра, што музыкі гурта “Йо-Йо” вераць у Віцю. Няхай так будзе заўсёды.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі