"Ёсць трывога, што мы перасабачымся". Як выбіралі Губарэвіча

"Ёсць трывога, што мы перасабачымся". Як выбіралі Губарэвіча

― Малады чалавек, вы куды? Да апазіцыі?

― Так.

― Здавайце паліто ў гардэроб і падымайцеся на другі паверх па сходах. Рэстаран з правага боку.

― Яны ў рэстаране?

― Так. Там пройдзеце праз рэстаран і ўбачыце іх.

 

Супрацоўніцу гатэля "Планета", здавалася б, ні кроплі не дзівіла тое, што справаздачна-выбарчая канферэнцыя руху "За Свабоду" можа праходзіць у рэстаране.

На самой справе не зусім ― хутчэй, побач з рэстаранам. У зале бачу 115 дэлегатаў (41 — з Мінска, рэшта прыехала з рэгіёнаў), дзясятак калег-журналістаў і некалькіх апазіцыйных лідараў ― Лябедзька, Рымашэўскі, Янукевіч. Першыя два хуценька выступілі з прывітальным словам і сышлі па сваіх справах. "У лес паеду", ― таямніча сказаў старшыня АГП. Да канца галасавання застаўся толькі лідар БНФ.

Да трыбуны выходзіць Аляксандр Мілінкевіч ― у яго апошні выступ ў якасці старшыні арганізацыі. Успамінае пра 2006 год, кажа, як добра, што тады ўдалося пазбегнуць сілавога варыянту і ўсе засталіся цэлымі. Усе гучна Мілінкевічу дзякуюць і праводзяць апладысментамі.

Спрэчкі пачынаюцца з зацвярджэння рэгламенту правядзення канферэнцыі і галасавання. У нейкі момант вэрхал ўздымаецца такі, што нехта ў роспачы крычыць: "Можа, Ліду Ярмошыну паклікаць? Яна лепш палічыць, хто за што галасаваў". Вырашаюць пакуль з гэтым пачакаць.

 

"Ёсць трывога, што мы перасабачымся". Як выбіралі Губарэвіча

"Арганізацыя працы сакратарыяту, паездкі ў рэгіёны, было праведзена 12 радаў, прынятыя 232 новыя члены, сход на Нарачы правялі ― незадаволеных не было", ― расказвае Юрый Губарэвіч пра зробленую за чатыры апошнія гады працу.

"Арганізоўваў паездкі за мяжу, удзел у самітах, займаўся працай сеткі еўрапейскіх клубаў па ўсёй краіне. Да 2014 года. Адукацыйная дзейнасць, гавалаўскія вечарыны, семінары за мяжой", ― хваліцца Лагвінец.

Пасля Губарэвіча і Лагвінца выступае дакладам яшчэ Галіна Скараход, але да яе увагі куды менш ― выбіраць новага старшыню арганізацыі збіраюцца менавіта з гэтых двух. Пры гэтым ў паветры вітае атмасфера лёгкага скандалу. За некалькі дзён да канферэнцыі адзін з сябраў арганізацыі ― прадпрымальнік Алесь Таўстыка ― разаслаў у СМІ і замежныя амбасады абураныя лісты, у якіх, мякка кажучы, выказаў незадаволенасць працай кіраўніцтва. Яшчэ больш сітуацыю абвастрае тое, што прыхільнікаў у Лагвінца і Губарэвіча прыкладна пароўну. Нават нягледзячы на тое, што за апошняга непрыхавана агітуе Мілінкевіч.

Пачынаюцца выступы гасцей з рэгіёнаў. Першы ж прамоўца, невядомы актывіст з Мазыра, вырашае разануць праўду-матку. "Як выбарчая кампанія ― то яны актывізуюцца. А паміж кампаніямі нічога не робяць!" ― амаль крычыць актывіст. Яго заяву сустракаюць апладысментамі, куды гучнейшымі за вітанні Мілінкевіча. "У нас дзьве праблемы ў краіне ― прэзідэнт і апазіцыя. З прэзідэнтам ўсё ясна. А што рабіць з апазіцыяй? Яе ж як быццам і няма! Трэба распаўсюджваць нашы ідэі і думкі. Але дзе яны, гэтыя ідэі і думкі?" ― працягвае мазыранін. Чым мог скончыцца яго выступ, калі б не абмежаваны рэгламентам час прамовы, можна толькі здагадвацца.

Пасля яго на трыбуну выходзіць Уладзімір Кацора з Гомеля:

― Ёсць трывога, што мы крыху перасабачымся, ― адразу пачынае ён.

― Не крыху, ― крычаць з залы.

― Не крыху? Ну пабачым, ― кажа Кацора і бярэцца расказваць, што нягледзячы на моцны падзел думак, арганізацыю няблага было б захаваць.

 

Падлік галасоў

Больш-менш зразумела і коратка сітуацыю ў руху "За свабоду" каментуе Андрэй Юркоў з Дрыбіна. "Пры Губарэвічы нічога новага не адбудзецца ў арганізацыі. Калі выберам Лагвінца, то пакажам, што мы не аўтарытарныя, гатовыя да перадачы ўлады і зменаў. Але ж Лагвінец ― натура няўрымслівая. Губарэвіч нам быццам лепш падыходзіць", ― кажа Юркоў. Зала ўхвальна гудзе. З няўрымслівасцю Лагвінца, відавочна, гатовыя пагадзіцца ўсе.

Галасуюць за ацэнку працы руху "За свабоду" на працягу апошніх пяці гадоў. Два сябры арганізацыі ўстрымаліся, яшчэ пяць палічылі працу незадавальняючай, 108 выказваюць задавальненне. Яшчэ дзесяць не галасавалі.

Даходзіць да высоўвання кандыдатур на пасаду старшыні арганізацыі. "Прапаную Лагвінца", ― заяўляе кіраўнік мінскага філіялу "За Свабоду" Сяргей Бахун. "Я прапаную Губарэвіча", ― заяўляе жонка Мілінкевіча Іна Кулей. "Я хачу прапанаваць Алеся Таўстыку", ― падымаецца Алесь Таўстыка.

Кандыдатам даюць на выступ перад дэлегатамі па пяць хвілін. "Апошнія два гады былі не самымі дрэннымі... Нам трэба захопліваць плацдармы, якія здае Лукашэнка... Хто б ні стаў пераможцам, будзем працаваць разам. Прапаную пасаду першага намесніка Лагвінцу", ― кароткі змест выступу Юрыя Губарэвіча.

"Рух на пераломным этапе ― мы не ў лепшым стане. І краіна таксама, і рэжым... 70% беларусаў увогуле не ходзяць на выбары ― нам трэба да іх дагрукацца... Няма палітыкі, ёсць дысідэнцтва. Нам трэба быць актыўнай меншасцю", ― адказвае яму Лагвінец.

Таўстыка выстаўляе на трыбуну бела-чырвона-белы, еўрасаюзаўскі і амерыканскі сцяжкі і кажа пра неабходнасць увесці кантроль на мяжы з Расіяй.

Галасаванне працягваецца хвілін дзесяць, пасля чаго ўсе дэлегаты радасна ідуць абедаць. У вялікай зале застаюцца толькі члены выбарчай камісіі і журналісты. Кожны бюлетэнь лічаць асобна, уголас абвяшчаючы, за каго ён аддадзены. 2 — за Таўстыку, 3 — сапсаваныя, 51 — за Лагвінца і 59 — за Губарэвіча.

"Буду дзейнічаць далей, выходзіць з руху не збіраюся", ― кажа Лагвінец. Праз паўгадзіны пасля падліку галасоў ён адмаўляецца ад пасады, прапанаванай Губарэвічам. Разам з ім ад кіруючых месцаў адмаўляюцца бліжэйшыя паплечнікі.

Сыходзячы з "Планеты" станаўлюся сведкам размовы двух дэлегатаў:

― Прывет, а ты што тут робіш, ты ж даўно не ў Руху?

― Ну так, я цяпер у БНФ больш. Апошнія некалькі гадоў.

― Усе пераходзяць у БНФ. А чаму прыйшоў сюды?

― Губарэвіч папрасіў прыйсці прагаласаваць за яго. То я і прыйшоў.

Вяртаючыся дадому разважаю над тым, што Таўстыку, відаць, зусім не было каго папрасіць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі