Юрыст Ігар Случак напісаў на краму Adidas скаргу ў Мінгарвыканкам
Юрыст Ігар Случак напісаў у Мінгарвыканкам скаргу на краму Adidas у гандлёвым цэнтры "Замак". Ён патрабуе прыцягнуць да адказнасці прадстаўніка крамы, які адмовіўся браць на працу кандыдата праз тое, што той карыстаецца беларускай мовай.
Як адзначае Случак, такія дзеянні працадаўцы парушаюць артыкул 9.22 "Парушэнне заканадаўства аб мовах" Адміністрацыйнага кодэкса, ствараючы "перашкоду і абмежаванне ў карыстанні дзяржаўнай мовай". З гэтай нагоды ён просіць прыцягнуць прадстаўніка крамы да адміністрацыйнай адказнасці.
Як паведамляла Еўрарадыё, з гэтай непрыемнай сітуацыяй сутыкнуўся блогер Ягор Тубялевіч, які хацеў уладкавацца ў названую краму на працу. Менеджар Анатоль Маісееў адмовіў яму, заявіўшы, што крама не можа разгледзець такую кандыдатуру.