Юрыст: Складу злачынства ў дзеяннях абвінавачаных па “справе БелТА” няма
Усё пра "Справу БелТА"
У Беларусі другі дзень ідуць вобшукі ў рэдакцыях асобных СМІ, журналістаў затрымліваюць для допытаў. І ўсё ў межах крымінальнай справы аб “несанкцыянаваным заходзе на платную падпіску БелТА”. Затрыманых журналістаў падазраюць у парушэнні артыкула 349 Крымінальнага кодэкса, які, між іншым, расшыфроўвае тэрмін “несанкцыянаваны заход” наступным чынам: “Несанкцыянаваны доступ да інфармацыі, якая захоўваецца ў камп’ютарнай сістэме, сетцы або на машынных носьбітах, што суправаджаецца парушэннем сістэмы абароны, які пацягнуў па неасцярожнасці змену, знішчэнне, блакаванне інфармацыі або вывад са строю камп'ютарнага абсталявання, альбо прычыненне іншага істотнай шкоды”.
Інакш кажучы, журналістаў вінавацяць у хакерскай атацы на БелТА. Але ж нам кажуць, што яны карысталіся паролямі, звяртае ўвагу медыяэксперт Леанід Фрыдкін.
“У артыкуле гаворка вядзецца менавіта пра хакерскія атакі, узлом камп’ютарных сістэм і выцягванне адтуль інфармацыі. Але ў сітуацыі, якую мы назіраем другі дзень, гаворка вядзецца пра тое, што журналісты, да якіх ёсць прэтэнзіі ў праваахоўных органаў, атрымлівалі нейкім чынам паролі доступу да інфармацыйнай стужкі БелТА і карысталіся гэтай інфармацыяй, не заплаціўшы за яе. І тут пытанне: наколькі эфектыўная гэтая сістэма парольнага доступу, калі той, хто набыў падпіску, можа спакойна падараваць ці пазычыць гэты пароль некаму трэцяму. І тое, што гэтая сітуацыя вылілася ў такія канфлікты, шмат для каго стала шокам”, ― кажа Леанід Фрыдкін.
З экспертам згодны юрыст Сяргей Зікрацкі.
“Калі сапраўды людзі заходзілі па дзейсным паролі, то ні пра якое хакерства гаворка весціся не можа. На мой погляд, у такой сітуацыі складу злачынства няма”, ― лічыць юрыст.
Але што вымушае журналістаў увогуле нешта браць з інфармацыйнай стужкі БелТА? Яе практычна манапольнае права на пэўную інфармацыю, заўважае Леанід Фрыдкін.
“Дастаткова дзіўнай выглядае сітуацыя, калі дзяржаўныя рэсурсы, у дадзеным выпадку — агенцтва БелТА, валодюць эксклюзіўным, калі не манапольным доступам да дзяржаўных ньюсмэйкераў. І такім чынам манапольна прадстаўляць тое, што сказаў той ці іншы міністр ці іншы высокі чыноўнік. У такой сітуацыі ў недзяржаўных СМІ няма іншага выйсця, як цытаваць агенцтва, што стаіць бліжэй за ўсіх да чыноўнікаў. Гэтая сітуацыя цалкам ненармальная, і яна спараджае перакос на нашым медыйным полі, што і прыводзіць да такіх сітуацый”.
Дарэчы, па словах Сяргея Зікрацкага, інфармацыйныя матэрыялы БелТА не абараняюцца аўтарскім правам. Бо ў іх няма… элементу творчасці.
Цалкам размову з Сяргеем Зікрацкім і Леанідам Фрыдкіным можна паглядзець тут: