Юваль Ной Харары: Пуцін пакіне ў спадчыну нянавісць на многія пакаленні

Юваль Ной Харары / РБК
Юваль Ной Харары / РБК

"Гэта не віна насельніцтва. У гэтай вайне вінаватыя Пуцін і Лукашэнка", — кажа сусветна вядомы гісторык і пісьменнік Юваль Ной Харары. У інтэрв'ю для Еўрарадыё ён таксама расказвае пра спадчыну, якую Пуцін пакіне расіянам, будучыню постсавецкіх краін і дае парады, як людзям супрацьстаяць вайне ў аўтарытарных рэжымах.

"Усе кажуць, што Пуцін спрабуе заваяваць Украіну, забываючы, што ён ужо заваяваў Беларусь"

Еўрарадыё: Расіяне і ўкраінцы разам змагаліся супраць гітлераўскай Германіі. Цяпер Расія напала на Украіну. У выніку заходнія краіны прымаюць адзін пакет санкцый за адным. Якую спадчыну Пуцін пакідае расіянам?

Юваль Ной Харары: Рускія і ўкраінцы былі як сям'я. Пуцін ператварае іх у заклятых ворагаў. Асноўная прычына ўсёй гэтай вайны ў тым, што Пуцін пабудаваў у сваёй галаве фантазію пра тое, што Украіны на самай справе не існуе, што ўкраінцы — гэта проста рускія, што яны хочуць быць паглынутымі Расіяй і што гэтаму перашкаджае толькі невялікая банда нацыстаў.

Праз гэтую фантазію Пуцін думаў, што ў той момант, калі ён уварвецца ва Украіну, Зяленскі ўцячэ, украінскае войска здасца, насельніцтва закідае кветкамі расійскія танкі і Украіна зноў стане часткай Расіі.

Пуцін цалкам не меў рацыі ва ўсім. Украіна — сапраўдная смелая нацыя. Зяленскі не ўцёк. Украінскія салдаты змагаюцца як ільвы. І ўкраінцы кідаюць у расійскія танкі не кветкі, а кактэйлі Молатава.

Цёмныя дні яшчэ могуць надысці. Пуцін усё яшчэ можа заваяваць вялікую частку краіны. Але ўтрымаць і паглынуць яе ў Расію ён не зможа. Гэта была яго мэта — і ён яе не дасягне. Ён ужо прайграў вайну. Калі вайна не спыніцца неадкладна, Пуцін пакіне ў спадчыну нянавісць, якая захаваецца на многія пакаленні.

Юваль Ной Харари: Путин оставит в наследство ненависть на многие поколения
Уладзімір Пуцін / РИА "Новости"

Еўрарадыё: Якія наступствы вайна ва Украіне будзе мець для іншых краін постсавецкай прасторы, якія Расія таксама лічыць сваімі зонамі ўплыву?

Юваль Ной Харары: Калі Пуцін пераможа, большасць постсавецкіх краін страцяць сваю незалежнасць і ўвойдуць у склад новай Расійскай Імперыі. Гэта ўжо адбылося з Беларуссю. Усе кажуць, што Пуцін спрабуе заваяваць Украіну, забываючы, што ён ужо заваяваў Беларусь.

Але калі Пуцін прайграе, гэта, хутчэй за ўсё, вызваліць не толькі Украіну, але і Беларусь, Казахстан і нават саму Расію ад пуцінскай хваткі. Так што ўкраінцы фактычна змагаюцца за свабоду беларусаў і рускіх таксама.

"Калі Пуцін пераможа ва Украіне, з яго будуць браць прыклад валадары ўсяго свету"

Еўрарадыё: Ці стане свет у цэлым менш талерантным да дыктатараў і аўтакратыі?

Юваль Ной Харары: Гэта залежыць ад выніку вайны. Калі Пуціну дазволяць перамагчы, гэта прывядзе да змрочнай эры вайны і дыктатуры ва ўсім свеце. У апошнія дзесяцігоддзі мы цешыліся самай мірнай эпохай у гісторыі чалавецтва. Гэтая мірная эпоха ярчэй за ўсё адбілася не ў паэтычных фантазіях, а ў дзяржаўных бюджэтах. У апошнія дзесяцігоддзі ўрады ва ўсім свеце адчувалі сябе ў дастатковай бяспецы, каб выдаткоўваць у сярэднім толькі 6,5% сваіх бюджэтаў на свае Узброеныя сілы, пры гэтым выдаткоўваючы значна больш на адукацыю, ахову здароўя і сацыяльнае забеспячэнне. Сярод сябраў ЕС сярэднія расходы на абарону складаюць менш за 3%. Гэта было дзівосным дасягненнем.

На працягу тысячагоддзяў каралі, імператары і султаны выдаткоўвалі большую частку свайго бюджэту на свае войскі, амаль нічога не трацячы на адукацыю або медыцынскую дапамогу людзям. Калі хтосьці спрабаваў пярэчыць, яны пасылалі сваё войска, каб арыштаваць або забіць іх. Пуцін паводзіць сябе як старыя каралі. Ён пабудаваў сваю вайсковую машыну, выдаткаваўшы 20% свайго бюджэту на расійскае войска і не звяртаючы ўвагі на дзяржаўныя паслугі для грамадзян. Вялізныя рэсурсы Расіі выкарыстоўваліся для будаўніцтва танкаў замест шпіталяў.

Калі Пуцін пераможа ва Украіне, з яго будуць браць прыклад валадары ўсяго свету. Яны таксама пачнуць будаваць вялікія войскі і весці войны замест таго, каб інвеставаць у ахову здароўя і адукацыю для сваіх грамадзян. Дэмакратыі таксама будуць вымушаныя павялічыць свае вайсковыя бюджэты, каб абараніць сябе. Напрыклад, мы ўжо бачылі, як Германія раптоўна падвоіла свой абаронны бюджэт. Грошы, якія павінны ісці настаўнікам, медсёстрам і сацыяльным работнікам, замест гэтага пойдуць на танкі, ракеты і кіберзброю.

З іншага боку, калі Пуцін прайграе, гэта захавае мір і дэмакратыю. Урады ўсяго свету засвояць навуку, што гвалт не акупляецца. Яны будуць інвеставаць у лякарні і настаўнікаў, а не ў танкі і салдат.

Юваль Ной Харари: Путин оставит в наследство ненависть на многие поколения
Ліцэй №25 горада Жытомір пасля абстрэлу

Еўрарадыё: Ці ёсць гэта пераломным момантам для Еўропы і ўсяго свету? Ці гэта часовая праява незадаволенасці дзеяннямі Расіі?

Юваль Ной Харары: Пуцін ставіць пад пагрозу ўвесь свет. Калі ён пераможа, гэта не толькі прывядзе да цёмнай эры вайны і дыктатуры, але таксама разбурыць глабальную супрацу па супольных праблемах чалавецтва. Нялёгка працаваць разам з краінамі, якія рыхтуюцца знішчыць вас. Калі Пуцін пераможа, гэта, магчыма, прывядзе да гонкі ўзбраенняў у сферы штучнага інтэлекту і да краху глабальных намаганняў па прадухіленні змены клімату.

Еўрапейцы і многія іншыя людзі ва ўсім свеце гэта разумеюць. Пуцін думаў, што ўварваннем ва Украіну ён напалохае і падзеліць еўрапейцаў. Замест гэтага ён аб'яднаў Еўропу. Еўрапейцы адрэагавалі хутчэй, мацней і аднадушней, чым хто-небудзь мог сабе ўявіць. Нават краіны, якія не ўваходзяць у НАТА, такія як Фінляндыя і Швецыя, адпраўляюць зброю ва Украіну і блакуюць сваю паветраную прастору для Расіі.

І калі Еўропа застанецца адзінай, ёй няма чаго баяцца. Расійская эканоміка меншая, чым эканоміка Італіі ці Паўднёвай Карэі. ВУП Расіі складае $1,5 трлн, Італіі — $1,9 трлн. Сукупны ВУП Еўропы складае каля $20 трлн. Калі Еўропа будзе адзінай, ёй не варта нікога баяцца.

"Не паўтарайце дзяржаўнай прапаганды. Гаварыце праўду"

Еўрарадыё: Нашы ўкраінскія суседзі заклікаюць расіян і беларусаў спыніць вайну, актыўна пратэстуючы на вуліцах. Некаторыя людзі пераадольваюць свой страх, выходзяць на вуліцу пратэставаць, і іх арыштоўваюць. Што вы думаеце пра калектыўную віну? Наколькі апраўдана ўскладаць віну за вайну на насельніцтва, якое жыве ў аўтарытарных краінах?

Юваль Ной Харары: Гэта не віна насельніцтва. У гэтай вайне вінаватыя Пуцін і Лукашэнка. Я ніколі не жыў пры аўтарытарным рэжыме і не магу раіць людзям рызыкаваць жыццём, ладзячы дэманстрацыі на вуліцах. Але рускія і беларусы разумныя. Калі яны захочуць, яны могуць знайсці спосабы супраціўляцца.

Расійскія лініі забеспячэння доўгія, і яны залежаць ад працы расійскіх і беларускіх цывільных асоб. Так што запавольвайце працу. Рабіце больш памылак. Выпадкова губляйце ўрадавыя пасылкі. Настойвайце на дакладным выкананні ўсіх бюракратычных правілаў і працэдур бяспекі. Настойвайце на запаўненні кожнай формы і атрыманні кожнага подпісу. І не паўтарайце дзяржаўнай прапаганды. Гаварыце праўду.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі