З феерверкам, але без Дзядоў Марозаў: як мінчанам прапануюць правесці святы
Шэсце Дзядоў Марозаў / з архіву Еўрарадыё
Нягледзячы на пандэмію і трывожную статыстыку Мінздароўя, улады Мінска арганізуюць у навагоднія дні святочныя кірмашы і паказы.
На Кастрычніцкай плошчы з 18 снежня па 14 студзеня будзе працаваць "Калядны кірмаш". Прычым у навагоднюю ноч выпіць тут глінтвейну можна будзе да 3 гадзін ночы. Яшчэ адзін вялікі кірмаш у гэтыя даты і прыблізна ў такім самым рэжыме будзе працаваць каля Палаца спорту.
Запланаваныя два вулічныя прадстаўленні: адно пад назвай "Навагодняя карусель" на плошчы Свабоды, другое — светла-музычнае прадстаўленне "Зімовы канцэрт" — на Кастрычніцкай плошчы, расказалі ў прэс-службе Мінгарвыканкама. "Навагоднюю карусель" будуць паказваць двойчы на дзень (у 17:00 і 20:00) з 26 снежня да 2 студзеня, а "Зімовы канцэрт" можна будзе пачуць толькі ў навагоднюю ноч (з 00:00 да 03:00), а затым яшчэ 1 і 2 студзеня (пачатак у 18:00)
Акрамя таго, у ноч на 1-га студзеня абяцаюць феерверк. Страляць пачнуць з Аляксандраўскага сквера ў раёне 1:30.
А вось традыцыйнага шэсця Дзядоў Марозаў і Снягурак сёлета не будзе. Без тлумачэння прычын гэты абавязковы пункт выпаў са святочнай праграмы. Што стала прычынай, каранавірус або чырвона-белыя касцюмы навагодніх персанажаў, не паведамляецца.
Раней эпідэміёлагі настойліва рэкамендавалі мінчукам правесці навагоднія святы ў коле сям'і і пазбягаць масавых мерапрыемстваў. Беларусь яшчэ не выйшла на плато па колькасці новых выпадкаў COVID-19, захворванне расце. Выйсці на плато, магчыма, атрымаецца толькі да канца снежня, казаў напярэдадні ў эфіры беларускага тэлебачання намеснік міністра аховы здароўя, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач краіны Аляксандр Тарасенка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.