Санслужба Мінска настойліва просіць прабавіць святы "ў коле сваякоў"
Здача тэсту на каранавірус / sb.by
Санслужба настойліва просіць мінчан прабавіць навагоднія святы ў коле сям'і. Пажаданне эпідэміёлагаў агучыла галоўны санітарны ўрач Мінска Святлана Ярмак.
"Настойліва рэкамендуем дадзеныя святы праводзіць у блізкім коле сваякоў", — цытуе Ярмак агенцтва БЕЛТА.
Нягледзячы на надзеі Аляксандра Лукашэнкі на тое, "што мы ўсё ж такі выйшлі на гэтае плато", лічбы і спецыялісты сведчаць пра адваротнае. "Казаць пра тое, што выходзім на плато, пакуль рана", — заявіла ў эфіры "Беларусь 4" загадчыца аддзела Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Марына Шыловіч. Напярэдадні ў Беларусі быў усталяваны чарговы антырэкорд па колькасці новых выяўленых выпадкаў COVID-19 за суткі — 1939. Усяго з пачатку пандэміі ў Беларусі былі зарэгістраваныя 154 392 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19, памерлі 1238 пацыентаў.
З прычыны неспрыяльнай эпідэмалагічнай сітуацыі ў Мінску быў уведзены абавязковы масачны рэжым, а паліклінікі Мінска былі вымушаныя часова адмовіцца ад аказання планавай меддапамогі. Усе вузкія спецыялісты задзейнічаныя ў працы з пацыентамі з COVID-19.
Пры гэтым масачны рэжым у Мінску можа захавацца на некалькі месяцаў, сказала журналістам у пятніцу Ярмак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.