Пайшло зніжэнне — Лукашэнка абмяркоўвае сітуацыю з COVID у райбальніцы Стоўбцаў
Аляксандр Лукашэнка ў Стаўбцоўскай райбальніцы / БЕЛТА
Палітычна моцнымі людзьмі назваў медыкаў Стаўбцоўскай цэнтральнай райбальніцы Аляксандр Лукашэнка. Ён прыехаў сюды, каб паглядзець, як ідзе барацьба з COVID у рэгіёнах.
Сярод іншага Лукашэнка згадаў і журналістаў, якія, па яго словах, спрабавалі вясной разгайдаць сітуацыю ў Стоўбцах, расказвалі людзям "няпраўду пра сітуацыю ў раёне".
"Было няпроста, але вы справіліся. Вы проста малайцы", — цытуе Лукашэнку БЕЛТА. Пасля сюжэту пра каранавірус у Стоўбцах з Беларусі выслалі карэспандэнта расійскага "Першага тэлеканала" Аляксея Кручыніна. Тады ж вясной галоўны ўрач райбальніцы Святлана Глебка расказвала, што сама перанесла COVID, што за сакавік-красавік праз яе бальніцу прайшло больш за 250 пацыентаў з пнеўманіямі. А калі хворых стала вельмі шмат, іх давялося вазіць у суседнія гарады: Валожын, Капыль, Мар'іну Горку, Салігорск.
Цяпер, па словах міністра аховы здароўя Беларусі Дзмітрыя Піневіча, пацыентаў у Стоўбцах больш, чым у першую хвалю. Але рэсурсы яшчэ ёсць. У бальніцы працягваюць аказваць і планавую дапамогу.
Галоўны ўрач Святлана Глебка дадала, што цяпер у яе бальніцы знаходзіцца 121 пацыент з COVID-19. Пры гэтым за апошнія некалькі дзён, па яе словах, захворванне на каранавірус стала зніжацца. Калі ў лістападзе за суткі рэгістравалася 20 пацыентаў, то апошнія дні — па 12.
"Калі з 20 да 12 упала, гэта ўжо добрае падзенне. Дай бог, каб у краіне так было. Будзем спадзявацца, што мы ўсё ж такі выйшлі на гэтае плато. Бачыце, ужо пайшло зніжэнне", — адрэагаваў на гэта Лукашэнка.
Для пацыентаў з COVID-19 з красавіка ў гэтай бальніцы працуе інфекцыйны шпіталь на 143 ложкі. Тут ёсць 105 пунктаў падводу кіслароду і 10 апаратаў ШВЛ.
У Беларусі ў апошнія тыдні фіксуецца рост выяўленых выпадкаў COVID-19. Штосуткі рэгіструецца 1700-1800 новых выпадкаў. Паводле звестак на 7 снежня, за суткі ў краіне было выяўлена 1796 пацыентаў з COVID-19. А ўсяго з пачатку пандэміі зарэгістраваныя 148 953 чалавекі з станоўчым тэстам на каранавірус.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.