З мінскіх школьнікаў збіраюць па 35 рублёў на “Апошні званок” Ягора Крыда
У сталічных школьнікаў і дзесяцікласнікаў збіраюць па 35 рублёў на апошні званок. Але пройдзе ён не ў школе і не ў рэстаране а… у “Мінск-арэне”, на канцэрце расійскага спявака Ягора Крыда і гурта “Mband” 30 траўня.
Квіткі на канцэрт распаўсюджваюць праз… школы. Абавязалі набыць пэўную колькасць. Школы ў шоку, у адміністрацыі адной з іх Еўрарадыё паведамілі, што грошы браць няма адкуль: не здаюць. Некаторыя установы адукацыі наогул адмовіліся ад такога апошняга званка.
У камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама нечакана даведваемся, што ісці на апошні званок… школьнікі вырашылі самі.
“Гэта пробны праект па арганізацыі апошняга званка, як гэта робіцца ў Маскве, у Расіі. Арганізатары рабілі апытанне, каго б яны хацелі бачыць. І абралі гэтага выканаўцу, па большасці галасоў. Ніхто нікога не прымушае, бацькі таксама абіралі. Ніхто нікому нічога не навязвае”, ― запэўніваюць у камітэце па адукацыі.
Як высвятляем, канцэрт Ягора Крыда арганізоўвае… сама “Мінск-арэна”. Яны ж, нібыта, праводзілі апытанне сярод школьнікаў, каго тыя хочуць бачыць на канцэрце.
“Школьніі самі выказалі такое жаданне, мы рабілі апытанне ў сацыяльных сетках, бо ён папулярны ў моладзі цяпер”, ― адказваюць у “Мінск-арэне”. Спрабуем усё ж даведацца падрабязнасці.
Еўрарадыё: А дзе было апытанне, можа нейкі папулярны паблік?
“Мінск-арэна”: Гэтых дэталяў цяпер не скажу, спецыялісты рабілі.
Еўрарадыё: А якія яшчэ варыянты былі?
“Мінск-арэна”: Шэраг гуртоў там быў у падобным стылі.
Еўрарадыё: А шмат квіткоў ужо школьнікі набылі?
“Мінск-арэна”: Прыходзьце на канцэрт і ўбачыце тады.
Такім чынам, ні дэталі апытання, ні яго вынікі арганізатары паведаміць не змаглі.
Міністэрства адукацыі ў курсе, што такі канцэрт будзе. Але ўдзел у такім апошнім званку ― толькі па жаданні.
“Гэта такая прапанова, як можна правесці апошні званок. Але ніякіх распараджэнняў на гэты конт няма, гэта дакладна. Таму тут ніхто нікога прымусіць не можа”.
Канцэрт Ягора Крыда і гурта “Mband” адбудзецца 30 траўня, квіткі каштуюць ад 27 да 47 рублёў. Ягор Крыд ― малады расійскі артыст, яго песня “О, мама, мама, я схожу с ума”, сёння гучыць шмат дзе. “Mband” ― праект Канстанціна Меладзэ. У іх іншая песня, якая гучыць паўсюль, ― “Она вернётся”.