З Парка высокіх тэхналогій сышоў адзін з самых вядомых стартапаў — OneSoil
Адзін з самых вядомых беларускіх стартапаў — кампанія OneSoil — пакінула ПВТ і фактычна спыніла працу ў Беларусі.
У кампаніі гэта тлумачаць ростам і выхадам на міжнародны рынак.
"OneSoil расце як міжнародная кампанія, асноўная дзейнасць цяпер вядзецца са Швейцарыі і Польшчы. І паколькі многія нашы супрацоўнікі пераехалі ў офіс у Варшаве, а іх колькасць у Беларусі значна скарацілася, была прынятая пастанова выйсці з ПВТ", — перадае dev.by тлумачэнні кампаніі.
Цяпер OneSoil мае два офісы — у Швейцарыі ды Польшчы, хаця частка супрацоўнікаў OneSoil працягвае працаваць дыстанцыйна з Беларусі.
Стартап OneSoil заснавалі ў 2017 годзе праграміст Вячаслаў Мазай і географ Усевалад Генін. Яна распрацавалі разумную сістэму для маніторынгу стану пасяўных плошчаў, павелічэння ўраджайнасці ды эканоміі рэсурсаў. Для аналіза даных з палёў у праграме выкарыстоўваюцца спадарожнікавыя здымкі.
У 2019 годзе Лукашэнка падчас паведвання ПВТ хваліў распрацоўкі OneSoil і называў іх "вельмі карыснымі і патрэбнымі".
Пасля выбараў 2020 года, якія суправаджаліся поўным адключэннем інтэрнэта ў краіне і масавымі рэпрэсіямі супраць іншадумцаў, ІТ-кампаніі сталі пакідаць Беларусь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.