З-за кнігі за 5 еўра беларуска больш за гадзіну правяла на мяжы
На “блышыным рынку “ Нюрнберга рэкламістка Юлія Ляшкевіч набывае з 5 еўра кнігу 1836 года. Але пры перасячэнні беларускай мяжы ўзнікаюць праблемы: больш чым на гадзіну затрымліваюцца чатыры аўтобусы. Вось што рэкламістка напісала на сваёй старонцы ў фэйсбуку:
“У мяне папрасілі паказаць рэчы, там была гэтая кніга. Кнігу забралі і сказалі чакаць. Самае цяжкае, што ніхто нічога не тлумачыць, вакол нервуюцца людзі, нервуецца кіроўца аўтобуса”, — прыгадвае Юлія Ляшкевіч.
За аўтобусам, у якім ехала Ляшкевіч, спынілася яшчэ некалькі. Пасажыры чакалі.
“Мне прынеслі паперу і спыталі, ці хачу я нешта задэклараваць. Я паспрабавала даведацца, ці трэба мне дэклараваць кнігу. Мне адказалі, што я мушу вырашаць сама. Я вырашыла, што ёсць нейкі падкол у гэтым і вырашыла задэклараваць”, — дадае Юлія.
Сапраўды, як патлумачылі Еўрарадыё у Мытным камітэце, дэклараванню падлягаюць усе друкаваныя выданні, якім больш за 100 гадоў.
“Кнігі, якім больш за 100 гадоў, прыраўноўваюцца да культурнай каштоўнасці. Яны падлягаюць дэклараванню, а калі кніга вывозіцца з Беларусі, то мусіць быць заключэнне Мінкульта, што гэта культурная каштоўнасць. Калі кніга ўвозіцца і няма заключэння Мінкульта краіны, адкуль яна ўвозіцца, то трэба плаціць пошліну, але толькі тады, калі яе кошт большы за 1,5 тысячы еўра”, — тлумачаць у Мытным камітэце.