Упершыню за 54 дні ў Беларусі зафіксавана менш за 700 выпадкаў COVID-19
На 16 чэрвеня ў Беларусі пацверджаныя 55369 выпадкаў COVID-19. +689 выпадкаў за апошнія 24 гадзіны. Упершыню з 23 красавіка, то бок аж за 54 дні, колькасць афіцыйна прызнаных новых выпадкаў каранавіруснай інфекцыі ўпала ніжэй за 700.
Па статыстыцы Мінздароўя, выпісана з лякарняў 31273 пацыенты, у якіх была пацверджаная каранавірусная інфекцыя (+853). З іх 30955 паправіліся (+847). 318 пацыентаў з выяўленым COVID-19 памерлі (+6).
Калі верыць Мінздароўя, за суткі ў Беларусі зроблена 10632 тэсты на каранавірусную інфекцыю. Агулам з пачатку пандэміі праведзены 760549 аналізаў на COVID-19.
Адсотак тэстаў, якія паказалі новыя выпадкі COVID-19 за апошнія 24 гадзіны, знізіўся і склаў 6.48%. Нам не паведамляюць, колькі з 10632 тэстаў планава і па запатрабаванні робіцца медыкам і сілавікам, колькі — паўторна пацыентам з пацверджаным COVID-19, і колькі — людзям з падазрэннем на каранавірусную інфекцыю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.