Забойства Нямцова: у падазраванага алібі і з’явіўся “расстрэльны спіс”

Версія следства па забойстве Барыса Нямцова пачынае развальвацца: галоўныя абвінавачаныя кажуць, што не вінаватыя, а ў аднаго з іх нават з’ўляецца жалезнае алібі.

Адзін з абвінавачаных у дзень забойства быў на працы

Тамерлан Эскерханаў яшчэ на судзе заявіў, што ў час забойства быў у начным клубе, дзе працуе ахоўнікам. Цяпер канал Лайфньюз апублікаваў відэа з камер назірання. На відэа Эскерханаў за 5 хвілін да забойства знаходзіцца ў клубе.

Тэлеканал даведаўся ў клубе, што Эскерханаў не іх супрацоўнік, а прыватны ахоўнік адной vip-персоны, у гэтую ноч ён суправаджаў яго і некалькі раз з’яўляўся ў кадры камеры назірання. Апошні раз ён з’ўляецца на відэа ў 23:26 — гэта за 5 хвілін да забойства, а даехаць з гэтага клуба да Вялікага Маскварэцкага моста (там адбылося забойства) можна за 15 хвілін.

Усе затрыманыя адмаўляюць сваю віну

Расійскія праваабаронцы змаглі патрапіць ў турму да затрыманых па справе Нямцова і пагутарыць з імі. Усе яны, у тым ліку галоўны падазраваны, кажуць, што не маюць дачынення да забойства. І распавядаюць пра тое, што іх збівалі.

Галоўны абвінавачаны Заўр Дадаеў паказаў праваабаронцам сляды ад кайданкоў на нагах і руках і сказаў, што правеў у кайданках і з пакетам на галаве двое сутак.

“Увесь час крычалі: “Ты забіў Нямцова?”". Я адказваў, што не. У момант затрымання я быў з таварышам, з маім былым падначаленым Русланам Юсупавым. І яны сказалі, што калі я прызнаюся, то яго адпусцяць. Я пагадзіўся. Думаў, яго выратую, і мяне да Масквы давязуць жывога. А то б здарылася са мной тое ж, што з Шаванавым. Ён жа нібыта падарваўся на гранаце...” перадае словы абвінавачанага газета "МК".

Галоўны падазраваны па справе Заўр Дадаеў з’яўляўся супрацоўнікам расійскай паліцыі

У дзень, калі забілі Барыса Нямцова Заўр Дадаеў яшчэ служыў у батальёне "Поўнач" унутраных войск МУС Расіі, які дыслакуецца ў Чачні. Звольніўся з унутраных войск МУС Расіі ён толькі 28 лютага 2015 года. Атрымліваецца, што гэта адбылося на наступны дзень пасля забойства ў цэнтры Масквы.

Дадаеў браў адпачынак на месяц

Да таго, як звольніцца, Заўр Дадаеў узяў адпачынак на месяц. З чаго можна меркаваць, што ён мог прыехаць у Маскву, каб сачыць за апазіцыянерам. Пра тое, што за Нямцовым сачылі доўгі час сцвярджае "МК". Газета піша, што зламыснікі купілі машыну ў верасні 2014 года. Тады ж легкавік быў зафіксаваны камерамі відэаназірання каля дома Барыса Нямцова на Ардынцы.

Адпадае асноўны матыў забойства выказванні пра іслам

Калі за Нямцовым пачалі сачыць даўно, то знікае асноўны матыў — забойства за выказванні Нямцова пра іслам, бо на той момант яшчэ не адбылася трагедыя ў рэдакцыі парыжскага часопіса "Charlie Hebdo". А значыць, і палітык пра іслам нічога не казаў.

У падтрымку падазраванага выказаўся Рамзан Кадыраў

Рамзан Кадыраў ў сваіх сацыяльных сетках назваў Заўра Дадаева сапраўдным патрыётам і выказаў сумнеў у яго віне.

"Я ведаў Заўра, як сапраўднага патрыёта Расіі. Заўр быў адным з самых бясстрашных і мужных вайскоўцаў палка ("Усход"). Ён асабліва вызначыўся ў баі паблізу Бена, калі праводзілася спецаперацыя супраць буйной банды тэрарыстаў. Узнагароджаны Ордэнам мужнасці, медалямі "За адвагу", "За заслугі перад ЧР" і лістамі ўдзячнасці кіраўніка ЧР. Я цвёрда перакананы, што ён шчыра адданы Расіі, быў гатовы аддаць за Радзіму жыццё".

Ордэн пашаны ад Пуціна і гістарычны здымак

9 сакавіка стала вядома, што Уладзімір Пуцін узнагародзіў Рамзана Кадырава. Адбылося гэта праз суткі пасля затрымання падазраваных у забойстве, але ў Крамлі абверглі сувязь паміж гэтымі падзеямі, бо рашэнне пра узнагароду прымалася даўно.

Але пасля ўзнагароджання Кадыраў выклаў у Інстаграм здымак разам з Пуціным. На ім акрамя Кадырава яшчэ некалькі чалавек. Еўрарадыё даведалася, што гэта палкоўнікі Магамед Даўдаў, Вахіт Усмаеў і Алібек Дзелімханаў — камандзір таго самага батальёна "Поўнач", дзе да апошняга служыў галоўны падазраваны ў забойстве. Усе яны маюць званне Героя Расіі.

Ці існуе расстрэльны спіс?

Новая Газета піша, пра існаванне нейкага "расстрэльнага спіса" у якім акрамя Нямцова — Аляксей Венедыктаў, Міхаіл Хадаркоўскі і Ксенія Сабчак.

Па інфармацыі газеты пра гэты спіс даклалі Уладзіміру Пуціну. А таксама пра тое, што па кожным фігуранце спіса працуе некалькі груп кілераў з Чачні. Нават былі названыя імёны некаторых заказчыкаў і выканаўцаў, і гэта не Дадаеў.

Фота: Reuters

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі