Заіка: Лукашэнка падпіша дамову аб ЕАЭС — у яго няма выйсця
Але гадоў праз 20 ва ўсіх падручніках напішуць, што Расія вінаватая ў развале СНД.
Так вядомы эканаміст пракаментаваў сённяшнія заявы беларускага кіраўніка. Як паведамляла Еўрарадыё, Аляксандр Лукашэнка адправіўся ў Астану. Там 29 траўня кіраўнікі Беларусі Казахстана і Расіі павінны падпісаць дамову аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза.
Перад вылетам Лукашэнка раскрытыкаваў прапанаваны тэкст дамовы. Па яго словах, Беларусі прапаноўвалі зусім іншыя ўмовы, а ў цяперашнім дакуменце ёсць мытныя выключэнні.
На думку Леаніда Заікі, віной стала прагнасць расійскага боку:
Заіка: "Адзін барэль нафты каштаваў 15 долараў пры Ельцыне, 100 кубаметраў газу каштавала 15 долараў. А потым ужо, пасля Ельцына стала каштаваць у 10 разоў, 12, для ўкраінцаў у 30 разоў стаў газ каштаваць... Расія магла стварыць зону свабоднага гандлю, але гэтага не зрабіла — яна вырашыла зарабляць на суседзях. І Лукашэнка гэта разумее".
Тым не менш, кажа эксперт, Лукашэнка падпіша тэкст дамовы ў Астане — у беларускага кіраўніка няма іншага выйсця. А заплаціць за гэта, па словах Заікі, давядзецца беларускаму бізнэсу.
Фота — ria.ru