Замест экзітполу на прэзідэнцкіх выбарах ECOOM правядзе тэлефоннае апытанне

Выбары / Еўрарадыё
Выбары / Еўрарадыё

Падчас прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі замест экзітполу — звыклага інтэрв'ю з грамадзянамі на выхадзе з участкаў — аналітычны цэнтр ECOOM правядзе тэлефоннае апытанне выбаршчыкаў.

— Мы акрэдытаваныя праводзіць экзітполы, але сёлета не будзем. Гэта будзе іншае даследаванне, бо тэрміналагічна экзітпол — гэта апытанне на выхадзе з участкаў, — расказалі Еўрарадыё ў ECOOM. — А мы будзем праводзіць тэлефоннае апытанне ў дзень галасавання. Паўплывала сітуацыя з каранавірусам. Проста ёсць людзі, якія ідуць на кантакт, ёсць тыя, якія неадэкватна рэагуюць, калі да іх падыходзяць.

ECOOM — гэта той самы аналітычны цэнтр, які 14 ліпеня агучыў рэйтынг даверу Лукашэнкі 78,1%. Таксама, па іх звестках, у прэзідэнцкіх выбарах плануюць прыняць удзел 87,3% насельніцтва Беларусі.

16 ліпеня ў ЦВК расказалі, што экзітполы маюць права праводзіць арганізацыі, якія маюць пасведчанне аб акрэдытацыі ў Камісіі па апытаннях грамадскай думкі пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Адна з такіх арганізацый — ECOOM, якая праводзіла экзітполы на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах. Сёлета фармат апытання ў аналітычным цэнтры вырашылі змяніць праз эпідэміялагічную сітуацыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі