Дэпутаты без заробку і прэтэнзій на легітымнасць: што такое Каардынацыйная рада?

Чаму Каардынацыйная рада кажа, што базуецца на “даверы”, а не на “легітымнасці”? / pixabay
Чаму Каардынацыйная рада кажа, што базуецца на “даверы”, а не на “легітымнасці”? / pixabay

Новы склад Каардынацыйнай рады плануе працаваць як “протапарламент”. А ці можна назваць гэтую структуру легітымнай? Каго ўвогуле прадстаўляе Каардынацыйная рада?

Колькі плацяць “протадэпутатам” і з якой кішэні? І ці намагаліся трапіць у склад Рады “агенты”?

Еўрарадыё распытала пра гэта палітолага Андрэя Ягорава. Ён уваходзіў яшчэ ў першы склад Каардынацыйнай рады — той, якая стварылася ў 2020 годзе.
 

Каардынацыйная рада — легітымная структура?

— Слова “легітымнасць” цяпер нацягваюць на што хочаш. Даходзіць да таго, што некаторыя палітычныя сілы самі сябе сябе аб’яўляюць легітымным суб’ектам. Гэта гучыць даволі дзіўна. Я б асцярожна карыстаўся словам “легітымнасць” у дачыненні да каго заўгодна, і Каардынацыйнай Рады таксама.

Натуральна, Беларусь мае значныя абмежаванні: у нас не дзейнічаюць легальныя працэдурныя механізмы забеспячэння легітымнасці, звязаныя з адкрытымі выбарамі, свабодай сродкаў масавай інфармацыі, свабодай асацыяцый.

Таму наша легітымнасць грунтуецца на даверы звычайных грамадзян Беларусі, якія выказваюць пэўнай структуры сваю падтрымку. Колькі ёсць гэтага даверу — столькі ёсць і легітымнасці.

Рэформа КР была ініцыяваная на канферэнцыі “Новая Беларусь”, якая праходзіла ў жніўні. Там Святлана Ціханоўская аб’явіла пра стварэнне Кабінета, і Кабінет падтрымаў рэформу КР.

Дэпутаты без заробку і прэтэнзій на легітымнасць: што такое Каардынацыйная рада?
Андрэй Ягораў / Еўрарадыё

На гэтым — на дэлегаванні і падтрымцы пэўнага кола грамадства з аднаго боку і на інтэнцыі дэмсілаў, якія аб’ядналіся вакол Святланы Ціханоўскай, — і грунтуецца прадстаўнічы характар Рады.

І менавіта на гэтым даверы грунтуецца “легітымнасць” любых іншых дэмакратычных структур. Бо легітымнасць — гэта не тое, што даецца раз і назаўсёды. Гэта тое, што патрабуе пацвярджэння.
 

І колькі даверу мае Каардынацыйная рада?

— Калі мы паглядзім на ранейшыя апытанні, то пабачым, што даволі вялікая частка людзей выказвала Радзе давер. Сёння гэты давер значна меншы, бо дзейнасць КР вынесеная за межы краіны.

Але нам выказваюць давер арганізацыі грамадзянскай супольнасці. І менавіта на гэтыя структуры абапіраецца прадстаўнічасць КР. Яны альбо выказваюць падтрымку Радзе, альбо дэлегавалі людзей у яе. Сёння гэта адзін з самых буйных прадстаўнічых актараў, які з’яўляецца на грамадска-палітычнай сцэне Беларусі.
 

А ці прадстаўляе Рада беларуса ў Беларусі?

— Вядома, сувязь з беларусамі ў Беларусі абмежаваная, бо абмежаваныя ўсе грамадска-палітычныя правы беларусаў, у тым ліку права на інфармацыю, права на свабоду асацыяцый, гэта абмяжоўвае магчымасці прадстаўніцтва. Але за кошт таго, што ў КР збіраецца досыць шмат арганізацый грамадзянскай супольнасці, якія датычныя да дзейнасці ўнутры Беларусі, такая сувязь ёсць.

Паводле розных даследаванняў, арганізацыі грамадзянскай супольнасці Беларусі нават выціснутыя за мяжу ў 90% выпадкаў захоўваюць сувязь з грамадствам унутры Беларусі.
 

Я хацеў быць сябрам КР. Чаму мяне не ўзялі?

— Спачатку мы пацвярджалі наяўнасць арганізацыі ці ініцыятывы, якая вас высунула. Пасля верыфікавалі чалавека з гледзішча бяспекі. Былі і фармальныя крытэры: кожная арганізацыя, якая дэлегавала чалавека, мусіла забяспечыць дакументальнае пацвярджэнне яго сяброўства, прыкласці яго CV, выпіску з пратакола аб дэлегаванні.

Ці былі “агенты”? Скажам так: былі сумнеўныя людзі. Але наўпрост агентамі я б іх не назваў, такога я не памятаю. Але так, складаныя для рашэння кейсы былі.
 

Колькі вам плацяць?

— Усе сябры Рады — валанцёры.
 

Чаму вырашылі рэфармаваць Раду?

Каардынацыйная рада стваралася ў момант, калі падавалася, што перамовы з уладамі яшчэ магчымыя. Тады адбор сяброў КР праводзілі людзі, якіх упаўнаважыла на гэта Святлана Ціханоўская, — Максім Знак і Вольга Кавалькова. І ў структуру намагаліся ўключыць людзей, якія б мелі аўтарытэт, давер у сваіх супольнасцях.

Дэпутаты без заробку і прэтэнзій на легітымнасць: што такое Каардынацыйная рада?
Святлана Ціханоўская / тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай

— Але ў працэсе такой селекцыі — не выбараў, не дэлегавання, а менавіта селекцыі, — мы страчвалі частку прадстаўнічасці. Нейкія групы, можа, і хацелі б з’явіцца там, але не змаглі трапіць у КР.

Калі ішлі дэбаты, захоўваць Раду ці распускаць, Ягораў стаяў на пазіцыі роспуску. Але Раду вырашылі захаваць. Тады ён выступіў за тое, каб новыя людзі былі не “прызначаныя”, а свабодня дэлегаваныя ад арганізацыяў грамадзянскай сцпольнасці і дэмакратычных сіл.

— Як мы справіліся з гэтым працэсам, так справіліся, але любая арганізацыя магла падаць сваіх кандыдатаў.

Сябры Рады спадзяюцца, што за іх пасяджэннямі змогуць аднойчы назіраць анлайн усе беларусы. Але пакуль гэта небяспечна — не толькі для сябраў Рады, але і для саміх назіральнікаў. Бо, на жаль, нават прысутнасць на сустрэчы ў зуме разам з сябрамі “экстрэмісцкай” арганізацыі — небяспечная. Тым не менш, Рада збіраецца быць як мага больш адкрытай, арганізоўваць спецыяльныя публічныя слуханні і адкрытыя мерапрыемствы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі