Замежнікам, якія не могуць вылецець з Беларусі, падоўжаць тэрмін знаходжання
Замежнікі, якія не могуць вярнуцца ў свае краіны ў сувязі з абмежавальнымі мерамі па пандэміі каранавіруса, змогуць заставацца ў Беларусі да 90 дзён. Пры неабходнасці органы міграцыі падоўжаць гэты тэрмін і надалей, паведамляецца ў Telegram-канале прэс-службы МУС.
Для гэтага замежнік павінен звярнуцца ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі АУС па месцы знаходжання (рэгістрацыі).
Дарэчы, аформіць выязную візу замежнік можа таксама ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск". Напрыклад, калі ён даведаўся пра адмену свайго рэйса непасрэдна па прыездзе ў аэрапорт.
Ад ліпеня 2018 года замежнікі, якія прыляцелі ў Беларусь праз Нацыянальны аэрапорт "Мінск", могуць жыць у нашай краіне без візы да 30 дзён. Грамадзяне шэрагу краін, якія маюць з Беларуссю бязвізавы рэжым, могуць заставацца ў нашай краіне да 90 дзён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.