Замоўцам мемарыяла ў Курапатах хоча стаць афіцыйная Федэрацыя прафсаюзаў
Замоўцам будаўніцтва памятнага знаку ў Курапатах хоча стаць афіцыйная Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Пра гэта заявіў яе старшыня Міхаіл Арда, перадае БЕЛТА.
ФПБ бліжэйшым часам звернецца ў Мінаблвыканкам, каб атрымаць правы замоўцы на будаўніцтва мемарыяла.
Як паведамлялася раней, у Беларусі працягваецца збор грошай на будаўніцтва мемарыяла ў Курапатах. Прафсаюзы збіраюцца пералічыць туды ўсе грошы, заробленыя на суботніку.
На конкурсе памятных знакаў у Курапатах журы выбрала тры праекты. Іх трэба дапрацаваць да 1 ліпеня. Гэтыя праекты абмяркоўваліся на круглым стале, які прайшоў сёння ў рэдакцыі газеты "СБ. Беларусь сегодня".
Як адзначае БЕЛТА, прыняць удзел у дыскусіі запрасілі навукоўцаў, прадстаўнікоў ФПБ, РГА "Белая Русь", грамадскасці, у тым ліку Аляксандра Чахольскага з КХП БНФ і актывістку грамадскай ініцыятывы "За ўратаванне мемарыяла Курапаты" Ганну Шапуцька, якія на сустрэчу не прыйшлі. Як вядома, Ганна Шапуцька зараз актыўна ўдзельнічае ў пікетах каля рэстарана "Поедем поедим", які адчыніўся каля Курапатаў.