Замяталіна не пакараюць. "Дзяўбаная мова" — не парушэнне

Замяталіна не пакараюць. "Дзяўбаная мова" — не парушэнне

Мінскія ўлады не пабачылі ніякіх парушэнняў у паводзінах у краме былога галоўнага ідэолага нашай краіны Уладзіміра Замяталіна. У пачатку траўня ён наведаў краму "Еўраопта" ў гандлёвым цэнтры "Галерэя". Касіры там па змоўчанні звярталіся да кліентаў па-беларуску. Замяталіна гэта абурыла.

Юрыст Ігар Случак звярнуўся з нагоды гэтага здарэння ў Мінгарвыканкам з просьбай даць адказ, ці была знявага беларускай мовы? Адказ прыйшоў чамусьці з камітэта па адукацыі. Намеснік старшыні Віталь Прыгодзіч паведаміў, што чыноўнікі прааналізавалі публікацыі СМІ на тэму канфлікту і прыйшлі да высновы: "Прыкметы дыскрымінацыі на моўнай глебе, знявагі ці ганьбавання беларускай мовы адсутнічаюць", а выказванні Замяталіна не трапляюць пад дзеянне адпаведнага артыкула аб адміністрацыйных правапарушэннях. Случак звярнуўся ў пракуратуру.

Замяталіну 70 гадоў. У Беларусь ён прыехаў у 1983 годзе з Расіі, служыў афіцэрам-танкістам. У 1990-я быў прэс-сакратаром Мінабароны Беларусі, працаваў у Саўміне, пасля стаў начальнікам Галоўнага ўпраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзідэнта, намеснікам старшыні, першым намеснікам гэтай структуры. Нейкі час быў намеснікам прэм'ер-міністра, дырэктарам нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм". За час працы на гэтых пасадах Замяталін не вывучыў беларускай мовы і вучыць яе не лічыць патрэбным.

Замяталіна не пакараюць. "Дзяўбаная мова" — не парушэнне
Фотакопія дакумента Ігара Случака

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі