Заробкі растуць, а прадукцыйнасць працы падае: будзе як у 2011 годзе?

Заробкі растуць хутчэй, чым прадукцыйнасць працы / Еўрарадыё
Заробкі растуць хутчэй, чым прадукцыйнасць працы / Еўрарадыё

Рэальная заработная плата за студзень — жнівень, як і за студзень — ліпень, павялічылася на 8,2% у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. А прадукцыйнасць працы за той жа перыяд знізілася на 1,3%. Як гэта атрымалася, што гэта значыць і чым гэта пагражае эканоміцы? Распыталі экспертаў.
 

Яшчэ адзін крок да дэфіцыту бюджэту

Як расказала дырэктар SYMPA/BIPART Наталля Рабава, рост заробкаў без павышэння прадукцыйнасці працы можа азначаць, што іх адміністрацыйна падвышалі перад выбарамі. Таксама на статыстыку маглі паўплываць дывідэнды і бонусы, якія кампаніі выплачваюць у сакавіку.

— Магчыма, у той жа IT-галіне бонусы былі большыя, чым летась. Але адзін IT-сектар не мог настолькі паўплываць, усё ж там не так шмат людзей, таму дывідэнды — гэта толькі частковы ўклад.

На думку эканаміста Яраслава Раманчука, такі рост — тыповы ход улады перад выбарамі.

— Калі выказаць здагадку, што гэта не заробленыя намі грошы, а падцягнутыя, гэта азначае пагаршэнне фінансавага становішча прадпрыемстваў. Перш за ўсё гэта датычыцца дзяржаўнага сектара, бо звычайна там неабгрунтавана павялічваюць зарплаты. Калі расходы павялічваюцца, а даходы — не, то гэта яшчэ адзін крок да дэфіцыту бюджэту, які і так быў запланаваны дэфіцытным праз спад у эканоміцы, — кажа Наталля Рабава.

Эксперт адзначыла, што дэфіцыт будзе нашмат большы, чым планавалася, праз каранакрызіс і палітычныя падзеі.

Калі за 7 месяцаў 2019 года прафіцыт бюджэту быў 1,4% ВУП, то за 7 месяцаў гэтага года дэфіцыт ужо 1,8% ВУП, дадаў Яраслаў Раманчук. На 2020 год зацверджаны рэспубліканскі бюджэт з дэфіцытам 0,7% ВУП.
 

"Сардэчна запрашаем у інфляцыйны і дэвальвацыйны падатак"

— Прадукцыйнасць працы не можа расці ва ўмовах, калі няма інвестыцый, абнулена права. Трэба будзе замарожваць або скарачаць заработныя платы, каб прывесці ў адпаведнасць з тым, колькі рэальна зарабляе беларуская эканоміка.

Грошы праядаюцца. Лукашэнка сам зусім дакладна назваў гэта "зряплатой", — адзначае Яраслаў Раманчук.

На думку эканаміста, ужо атрыманая розніца ў паказчыках па бюджэце — прорва.

— Да канца года мы праядзім усё, што назапасілі, а налета — сардэчна запрашаем у інфляцыйны і дэвальвацыйны падатак. Хутчэй рана, чым позна, такое безадказнае павышэнне заработных плат спыніцца. Максімум да канца гэтага года пачнуцца адваротныя працэсы, што прывядзе да росту ўжо сацыяльнага напружання ў краіне. Усё, што было ў 2011 і ў 2016 гадах, мы памятаем.

Калі ў дзяржавы стане менш грошай, значыць, скароцяцца выдаткі на заработную плату, сацыяльныя дапамогі, інвестыцыі, сацыяльныя крэдыты.

— Думаю, бюджэт будзе выплываць менавіта за кошт людзей, а традыцыйныя любімчыкі наменклатуры ў выглядзе ўладальнікаў табакерак і кіраўнікоў манаполій застануцца пры сваім. Атрымаецца як у анекдоце пра павышэнне цэн на гарэлку. Сын пытаецца: "Тата, ты будзеш менш піць?" А бацька яму адказвае: "Не, сынок, ты будзеш менш есці", — падагульняе Яраслаў Раманчук.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі