Заробкі ў канвертах і разлік міма касы — магілёўскія падаткавікі аб праверках
Адно з парушэнняў — разлік з пакупніком міма касы / ілюстрацыйнае фота
Амаль ва ўсіх выпадках падчас праверак крам і іншых суб'ектаў гаспадарання магілёўскія падаткавікі знаходзілі парушэнні або недахопы. За год было праведзена 90 маніторынгаў, у 88 выпадках былі пытанні, паведамляе sb.by.
У некалькіх крамах Быхаўскага раёна, да прыкладу, прадаўцы працавалі міма касы. А ў адным з іх яшчэ і выявілі прадаўца, які не быў аформлены афіцыйна.
Такая ж гісторыя ў Горацкім раёне. Правяралі краму, якая гандлюе таннымі таварамі. І тут "выяўленае непрымяненне касавага абсталявання пры рэалізацыі тавараў". Прычым уладальнікі гэтага аб'екта трапіліся на такім правапарушэнні ўжо другі раз. У выніку іх аштрафавалі на 870 рублёў.
Падаткавікі мяркуюць, што праца міма касы дазваляе "нядобрасумленным суб'ектамі гаспадарання" плаціць заробкі "ў канвертах". З гэтым падаткавікі таксама маюць намер актыўна змагацца.
Нагадаем, з гэтага года ў Беларусі істотна змяняецца падаткаабкладанне для прадпрымальнікаў. У сувязі з гэтым шэраг экспертаў не выключаў, што частка прадпрымальнікаў можа сысці ў цень, а значыць, падаткаў можа стаць менш, а падатковых правапарушэнняў — больш.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.