"Заторы з-за рэпетыцыі параду — гэта невялікія нязручнасці"
А тыя, хто піша пра іх, проста выступаюць супраць параду і заўсёды знойдуць прычыну.
Заторы з-за рэпетыцыі параду ў Мінску — гэта невялікія нязручнасці, якія можна і патрываць і пра якія загадзя папярэджвалі. А тыя, хто абураецца, для іх гэта не свята. Яны проста супраць парада і заўсёды знойдуць прычыну. Але такіх меншасць, — такое меркаванне выказаў прэс-сакратар Мінабароны Уладзімір Макараў.
Па словах Макарава, парады былі, ёсць і будуць у гэтае свяшчэннае свята.
Нагадаем, што парад 9 траўня пачнецца а 11-й гадзіне. З 4 па 8 траўня ў Мінску ўвечары праходзяць рэпетыцыі параду. З-за гэтага ў панядзелак 4 мая ўтварыліся вялізарныя заторы ў Мінску. Некаторыя жыхары сталіцы спазніліся ў садок забраць дзяцей, многія стаялі ў заторах больш за гадзіну. На пытанне, навошта праводзіць рэпетыцыю ў гадзіну пік, Уладзімір Макараў адказаў, што раней рэпетыцыі праводзіліся ўначы, але патрэбны час, каб падвесці тэхніку. У панядзелак рэпетыцыя скончылася позна ўначы.
У каментары "Комсомольской правде" Уладзімір Макараў ўсё ж растлумачыў, што сама рэпетыцыя парада пачынаецца а 22 гадзіне, а да гэтага, з 17-18 гадзін тэхніка дабіраецца да месца рэпетыцыі. Калі ж тэхніка будзе выязджаць пазней, то і рэпетыцыя будзе праходзіць ноччу і перашкаджаць грамадзянам, бо падчас рэпетыцыі гучыць гімн і вырабляецца артылерыйскі салют:
"Калі зрушыць час рэпетыцыі на 2-3 гадзіны пазней, то як гэта будзе тым мінчукам, якія пражываюць у раёне вуліцы Машэрава, праспекта Пераможцаў? Апоўначы будзіць паўгорада - гэта няправільна".
Прыблізны расклад рэпетыцый:
5 траўня — з 17:00 да 21:00
6 траўня — з 21:00 да 24:00
7 траўня — з 18:00 да 21:00
8 траўня — з 18:00 да 21:00
Вось гэта і ёсць тыя самыя "невялікія нязручнасці", якія былі 4 траўня.
Фота: Valery Rudnev (Ад Музтэатра да Нямігі паўтары гадзіны)