Затрыманы ў Баранавічах беларус прыехаў з Украіны прадаць кватэру

Сёння зранку з'явіліся звесткі, што ў Баранавічах затрымалі Змітра Палойку, які прыехаў на радзіму з Украіны. Хлопца затрымалі 8 снежня проста на вакзале і абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Пазней яго асудзілі на 10 сутак. З'явіліся версіі, што імя былога моладзевага актывіста знайшлі ў спісе ўкраінскага батальёна "Данбас".

Баранавіцкая газета "Intex-press" пагаварыла з нявестай Змітра — Вітай. Яна жыве ва Украіне ў горадзе Курахова Данецкай вобласці. Яны пазнаёміліся летам праз інтэрнэт, ён некалькі разоў прыязджаў да яе ва Украіну, а цяпер Віта і Зміцер вырашылі ажаніцца.

Па словах дзяўчыны, Палойка паехаў у Баранавічы, каб прадаць кватэру і перабрацца стала жыць ва Украіну. Віта здзіўленая версіяй пра службу свайго жаніха ў батальёне "Данбас". На яе думку, хлопец проста выпадкова трапіў недзе ў кадр. Горад Курахова, дзе жыве Віта, знаходзіцца за 18 км ад зоны АТА і за 30 км ад Данецкага аэрапорта. У горадзе амаль штодня чуваць кананаду і ездзіць шмат вайскоўцаў.

Віта кажа, што Палойка пражыў у яе ва Украіне тры месяцы, потым вярнуўся ў Беларусь. І толькі нядаўна зноў прыязджаў на адзін тыдзень у Курахова. Гэта можна праверыць і па штампам у пашпарце. Ва Украіне Палойка меўся працаваць зваршчыкам.

Фота з сацыяльных сетак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі