Зборная Беларусі прайграла Германіі на чэмпіянаце свету па хакеі — 2:5

Зборная Беларусі прайграла Германіі на чэмпіянаце свету па хакеі — 2:5

Зборная Беларусі па хакеі нечакана разгромна прайграла камандзе Германіі на чэмпіянаце свету — 2:5. Свой бліцкрыг немцы пачалі ўжо на 4-й хвіліне сустрэчы, распячатаўшы вароты Віталя Коваля. Праз хвіліну яны павялічваюць лік. У сярэдзіне першага перыяду быў выдалены капітан беларусаў Аляксей Калюжны. На рэалізацыю большасці немцам спатрэбілася ўсяго 20 секунд. У выніку ўжо — 3:0.

Пад канец першай трэці ў нашых атрымалася некалькі ўдалых атак, Джэф Плат нават выйшаў сам насам з варатаром сапернікаў, але забіць не здолеў.

У другім перыядзе беларусы ўзялі гульню пад кантроль і здолелі размачыць лік. Андрэй Сцяпанаў пры гульні ў большасці ад сваіх варот прайшоў усю пляцоўку, абыграў сапернікаў і прабіў варатара немцаў. Пасля гэтага ў нашых было некалькі выдатных момантаў не толькі, каб скараціць лік, але і аднавіць раўнавагу. Але ж пашанцавала сапернікам: абаронца Брукс Мацэк кідком ад сіняй лініі робіць лік 4:1.

У заключнай трэці беларусы паказалі невыразную гульню, зусім мала кідалі па варотах немцаў. За 10 хвілін да заканчэння матчу сам сабе кур’ёзны гол закінуў варатар зборнай Германіі і аднавіў інтрыгу ў матчы.

Аднак за 2 хвілін да канца сустрэчы быў выдалены Сяргей Касціцын, беларусы знялі варатара і прапусцілі ў пустыя вароты.

Нагадаем, што перад чэмпіянатам свету галоўны трэнер беларусаў Дэйв Льюіс казаў, што разлічвае заваяваць медалі. Цяпер наша каманда фактычна згубіла шанцы на выхад у чвэрцьфінал. Тэарэтычныя гэта магчыма, але цяпер пытанне больш стаіць пра тое, каб не пакінуць вышэйшы дывізіён.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі