Здымаць кватэру даражэй, чым жыць у нумары: як выжываюць сталічныя гатэлі
Ды ў Мінску кватэру зняць даражэй! / Еўрарадыё
"Цана пражывання за суткі ў аднамесным нумары — 7 рублёў". Такую прапанову ад гасцініцы МУС Еўрарадыё знайшло на сайце па продажы і арэндзе нерухомасці. "Гэта вельмі старая інфармацыя, у нас такога няма", — адказваюць нам на рэцэпцыі. А выглядае вельмі прывабна, пагадзіцеся!
Мы азнаёміліся з прапановамі іншых гатэляў. Аказваецца, у постпандэмійны перыяд і фешэнебельныя, і прасцейшыя гатэлі выжываюць як могуць: зніжкі часам даходзяць да 88%, а ў некаторых пражыць месяц у нумары будзе танней, чым здымаць кватэру ў Мінску.
Чым даўжэй здымаеш, тым менш плаціш
Пандэмія COVID-19 закрыла межы паміж краінамі, і, як вынік, рэзка скараціўся паток турыстаў. Гатэльны бізнес знайшоў выйсце: здаваць суграмадзянам нумары на працяглае пражыванне, задзейнічаючы пры гэтым разнастайныя зніжкі і бонусы.
Адзін з самых нятанных гатэляў Мінска — пяцізоркавая "Еўропа". У ёй па тарыфе "Працяглае пражыванне" ёсць розныя перыяды браніравання: ад 4 да 13 начэй, ад 14 да 21 і больш за 21 дзень. Пасяліцца "на даўжэй" можна ў нумары дзвюх катэгорый — Double room і Deluxe.
Для аднаго чалавека пажыць месяц па акцыі абыдзецца ў 3728,42 рубля. Гэта кошт месячнага пражывання з улікам зніжкі 60%. За гэтыя грошы хоць кожны дзень можна карыстацца басейнам, паслугамі фітнес-цэнтра, наведваць фінскую і турэцкую саўны.
Па словах адміністратара, попыт на працяглае пражыванне ў "Еўропе" ёсць.
Сэканоміць да 88%
Калі забраніраваць нумар у гатэлі сеткі "Вікторыя" ў перыяд з 1 ліпеня да 30 верасня, то можна атрымаць зніжку да 88%.
— Акцыя "Працяглае пражыванне" як для жыхароў Беларусі, так і для замежнікаў, — расказвае Еўрарадыё начальнік аддзела маркетынгу і продажаў сеткі гатэляў "Вікторыя" Вячаслаў Зайцаў. — Працяглае пражыванне ў нас да 30 сутак. У залежнасці ад тэрміну пражывання падцягваецца зніжка. Чым больш жывеш, тым большая зніжка.
У акцыі "Вікторыі" ўдзельнічаюць пяць гатэляў кампаніі. Аддаць увесь гатэль пад вялікую зніжку адміністрацыя не можа, але пакуль што квоты на засяленне ёсць. У "Вікторыі" на акцыю вылучылі аднамесныя, двухмесныя і трохмесныя нумары. Доўга пажыць з максімальным камфортам можна і ў двухмесным люксе.
— Правялі аналіз рынку, попыт трохі ўпаў. Некаторыя групы турыстаў перасталі ехаць, і каб іх замясціць, вырашылі пераарыентавацца на беларусаў, — тлумачыць Еўрарадыё Вячаслаў. — Прапануем грамадзянам Беларусі адчуць сябе як на еўрапейскім, егіпецкім або турэцкім курорце ў чатырохзоркавым гатэлі. Нашы кліенты ў асноўным дырэктары фірмаў і айцішнікі — так бы мовіць, плацежаздольная частка нашага насельніцтва.
Колькі будзе каштаваць пажыць месяц у "Вікторыі" аднаму чалавеку ў аднамесным нумары? Калі вы грамадзянін Беларусі, то вам гэта абыдзецца мінімум у 850 беларускіх рублёў. Месячнае знаходжанне ў двухмесным люксе ў ліпені — верасні абыдзецца ў 2300 рублёў без уліку сняданкаў.
— За кошт гэтай акцыі мы змаглі застацца на плаве і ў цэлым нядрэнна сябе адчуваем, — падсумоўвае начальнік аддзела маркетынгу.
Навошта здымаць кватэру, калі ёсць "Турыст" і "Арбіта"?
На сённяшні дзень арандаваць аднапакаёвую кватэру ў Мінску ў добрым стане менш чым за 500 рублёў — гэта ўжо поспех. А ў гатэлі "Турыст" зняць на месяц аднамесны нумар абыдзецца ў... 450 рублёў!
Акцыя "Працяглае пражыванне" ў гатэлі "Турыст" пакуль што бестэрміновая. Але ёсць умова: акцыя распаўсюджваецца толькі на аднамесныя стандартныя нумары, а аплаціць кошт давядзецца адным плацяжом пры засяленні. У выпадку ранняга выезду грошы не вяртаюць.
У кошт арэнды такога нумара ўваходзіць карыстанне вай-фай, фенам, касметычнымі і лазневымі прыладамі. Больш за тое, у пералік уключаных паслуг уваходзіць штодзённая змена ручнікоў і прыборка нумара. І ўсё гэта — у крокавай даступнасці ад метро.
Цяпер усе "акцыйныя" нумары занятыя, але адміністратар запэўнівае нас, што з 16 ліпеня з'явяцца свабодныя.
— Калі здарыўся каранавірус, наша індустрыя вельмі моцна пацярпела. Акцыю "Працяглае пражыванне" зрабілі для прыцягнення кліентаў. Яна пачалася з нейкага аднаго гатэля, а потым "разбеглася" па ўсіх астатніх, многія сталі рабіць такія акцыі, — расказваюць Еўрарадыё ў аддзеле браніравання "Турыста". — Першапачаткова, як толькі з'явілася прапанова, было не вельмі шмат людзей. А цяпер ёсць пастаяльцы, якія жывуць месяцамі.
— У цэлым, у параўнанні з мінулым годам, колькасць пастаяльцаў значна павялічылася, — кажа адміністратар. — Летась у гэты час у нас амаль не было людзей. На цяперашні момант у нас усе аднамесныя і двухмесныя нумары занятыя. Калі мы ў пандэмію пратрымаліся з мінімальнымі заездамі гасцей, то гэты год проста не параўнаць.
У "акцыйным" нумары "Турыста" ёсць невялікі халадзільнік. Мікрахвалёўкі ў нумары няма, але калі трэба, то можна папрасіць разагрэць ежу на рэцэпцыі або звярнуцца да пакаёўкі. Абяцаюць дапамагчы.
Таксама як і ў "Турысце", у "Арбіце" за 30 дзён у аднамесным "стандарце" папросяць 450 рублёў. Паслуга ўсё яшчэ дзейнічае.
У "Планеце" для грамадзян Беларусі пажыць месяц каштавала 585 рублёў. На цяперашні момант акцыя прыпыненая, пад яе была адведзена пэўная колькасць нумароў, іх ужо засялілі.
— Увялі гэтую праграму для таго, каб неяк павысіць запаўняльнасць гатэля, таму што праз закрытыя на той момант межы гасцей-замежнікаў не было зусім, — расказвае Еўрарадыё адміністратар "Планеты". — Цяпер ужо абставіны лепшыя. Ці вернемся мы да гэтага ў далейшым — дакладна сказаць не магу. Нешта прагназаваць у нашых рэаліях вельмі цяжка. Усё будзе залежаць ад таго, што будзе адбывацца вакол.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.