Жаночая баскетбольная зборная Беларусі выйграла ў авертайме ў італьянак

Жаночая баскетбольная зборная Беларусі з перамогі пачала сваё выступленне на чэмпіянаце Еўропы. У чацвер у румынскім горадзе Арадзя беларускі ў цяжкім матчы выйгралі ў авертайме ў зборнай Італіі — 85:76 (14:14, 19:18, 20:16, 20:25, 12:3). Калі здавалася, што наша каманда ўжо прайграла, на апошняй секундзе чацвёртай чвэрці Таццяна Ліхтаровіч зраўняла лік (73:73) і перавяла гульню ў авертайм. У дадатковым тайме нашы дзяўчаты вырвалі перамогу. Самай выніковай стала Алена Леўчанка — 25 ачкоў і 14 падбораў, Ліндсэй Хардзінг — 16 ачкоў і 7 падбораў, Кацярына Сныціна — 14 ачкоў і 10 падбораў, Таццяна Ліхтаровіч — 12 ачкоў і 8 падбораў.

У іншым матчы нашай групы Турцыя выйграла ў Польшчы — 57:54.

12 чэрвеня каманда Анатоля Буяльскага згуляе са зборнай Польшчы, пачатак у 20.30. Жывая трансляцыя запланаваная на тэлеканале "Беларусь 5". На першым этапе ў групе "В" беларуская зборная яшчэ згуляе з Турцыяй (13 чэрвеня, 20.30) і Грэцыяй (15 чэрвеня, 18.00). Каб працягнуць барацьбу за ўзнагароды, беларускам трэба заняць у групе, як мінімум, трэцяе месца.

Фота: ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі