Жаночая кансультацыя: На гэтым тыдні на аборты не запісваем!

Жаночая кансультацыя: На гэтым тыдні на аборты не запісваем!

На гэтым тыдні ў жаночых кансультацыях, медыцынскіх цэнтрах і бальніцах жанчыне могуць адмовіць у перарыванні цяжарнасці не па медыцынскіх паказаннях. Званю ў жаночую кансультацыю №17 і пытаюся, ці можна запісацца на аборт. У адказ чую:

"У нас тут акцыя — на гэтым тыдні нікога не запісваем. Магу запісаць на наступны тыдзень. На гэтым тыдні мы і аборты не робім. Бо гэта "Тыдзень супраць абортаў"".

Па словах Святланы Гародка, загадчыцы жаночай кансультацыі мінскай паліклінікі №12, калі жанчына прыйдзе і папросіць зрабіць аборт, ёй адмовяць і правядуць гутарку пра плюсы мацярынства і магчымыя наступствы ад перарывання цяжарнасці:

"Мы паспрабуем угаварыць захаваць цяжарнасць і ў любым выпадку скажам: "Пахадзіце тыдзень, падумайце, а калі ўсё ж не перадумаеце, прыходзьце на наступным тыдні. Калі жанчына прыйдзе на апошнім тыдні, калі магчымы аборт? У нас такіх выпадкаў не было!".

Праўда, калі раптам на гэтым тыдні ў кансультацыю завітае жанчына з "памежным" тэрмінам, па законе ёй не могуць катэгарычна адмовіць у аборце. Як мяркуе доктар, перадабортнае кансультаванне жанчын грае сваю ролю: за 9 месяцаў з 30 жанчын, якія звярнуліся ў медустанову каб перарваць цяжарнасць, чатыры адмовіліся.

З 10 па 16 кастрычніка не робяць аборты і ў прыватных медыцынскіх цэнтрах. Аднак, кажа загадчыца гінекалагічнага аддзялення медыцынскага цэтра "ЛОДЭ" Марыя Вараб'ёва, на мінулым тыдні ў цэнтры таксама не было аперацый па перарыванні цяжарнасці (у "ЛАДЭ" робяць аборты ў аперацыйным блоку толькі да 7-га тыдня):

Жаночая кансультацыя: На гэтым тыдні на аборты не запісваем!

"Да нас рэдка прыходзяць рабіць аборты. І ўвогуле, абортаў апошнім часам стала менш: граматнасць насельніцтва расце, ролю граюць меры кантрацэпцыі. Жанчыны прыходзяць за рэцэптамі. Нават на мінулым тыдні ў нас не было абортаў у выглядзе вакуумаў. Гэта цяпер бывае рэдка".

Нагадаем, у 2015 годзе ў Беларусі было зроблена больш за 29 тысяч абортаў.

Фота Марыі Вараб'ёвай: Яўген Ерчак, Tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі