Жарт "Свабоду Даніку" каля ваенкамата ацанілі ў сем сутак арышту

Ваенкамат у Івацэвічах / ivatsevichy.by
Ваенкамат у Івацэвічах / ivatsevichy.by

13 сакавіка ў Івацэвічах каля райваенкамата затрымалі чатырох мясцовых жыхароў — Данііла, Давіда, Мікіту і Эвеліну, паведамляюць праваабаронцы.

Данііл атрымаў позву ў ваенкамат, неўзабаве яго павінны былі прызваць на вайсковую службу. Прыяцелі прыехалі разам з ім. Калі ён выйшаў з ванекамата, сябры прапанавалі зрабіць фота насупраць будынка. Яны трымалі тры аркушы паперы фармату А3, на якіх было напісана "Свабоду Даніку" і пяціканцовая зорка. Маладыя людзі папрасілі мінака сфатаграфаваць іх з плакатамі, пасля чаго з ваенкамата выйшаў супрацоўнік і забраў у іх аркушы. На сяброў выклікалі міліцыю, якая іх затрымала.

На іх склалі пратаколы за "несанкцыянаванае пікетаванне". Хлопцаў арыштавалі на сем сутак, а дзяўчыну аштрафавалі на 185 рублёў (5 базавых велічыняў).

Як паведамляюць праваабаронцы у сакавіку сілавікі амаль штодзённа ладзілі масавыя затрыманні і ператрусы ў розных рэгіёнах краіны: Пінску, Мёрах, Барысаве, Глыбокім, Мазыры, Лепелі, Полацку ды іншых гарадах. За мінулы месяц было затрымана мінімум 614 чалавек, большасць з іх — у другой палове месяца. У судах было вынесена не менш за 433 рашэнні паводле адміністрацыйных справаў: суддзі прызначылі не менш за 166 адміністрацыйных арыштаў і 36 штрафаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі