Беларускі журналіст Дзмітрый Галко збег ва Украіну
Беларускі журналіст Дзмітрый Галко асуджаны да 4 гадоў так званай “хіміі” нібыта за напад на міліцыянта. Апошняе абскарджванне прайшло зусім нядаўна — тэрмін абмежавання волі пакінулі без змен.
Галко павінен быў з’явіцца ў мясцовы орган МУС 2 лістапада — прынамсі, так у сваім Фэйсбуку пісаў ён сам. І нават суправадзіў пост здымкам павесткі. У гэты дзень ён павінен быў дазнацца, дзе будзе адбываць пакаранне.
Аднак нечакана для ўсіх вечарам 1 лістапада ён напісаў, што больш патрэбны свайму малодшаму сыну, а не беларускім праваахоўным органам — такім чынам намякнуўшы, што ён пакінуў краіну.
Па тэлефоне Галко распавёў, што сапраўды пакінуў краіну і ўжо знаходзіцца ў Марыупалі. Як кажа сам Зміцер, ён перасек мяжу афіцыйна, без парушэння закону:
“Некалькі дзён таму я зайшоў па сваіх справах, зусім не звязаных з крымінальнай, у аддзел па грамадзянстве і міграцыі. Раптам я падумаў, што амаль на 100 адсоткаў мне выезд за мяжу забаронены, аднак жа вырашыў усё-ткі ўзяць адпаведную даведку. І якое ж было маё здзіўленне, калі высветлілася, што выязджаць з краіны я магу і ніякіх абмежаванняў няма! Таму мне не падабаецца, калі зараз усе пішуць, нібыта я ўцёк. Я не ўцёк, а паехаў за мяжу, не парушаючы закон”.
Дзмітрый перасякаў мяжу на звычайным рэйсавым аўтобусе з Гомеля, афіцыйна прайшоўшы памежны кантроль. Зараз журналіст знаходзіцца са сваёй сям’ёй і шчаслівы быць з малодшым сынам, якога трэба гадаваць. На пытанне, ці не баіцца сам Дзмітрый дэпартацыі, ён адказаў, што не.
“Мая справа была прызнаная палітычнай адразу некалькімі міжнароднымі арганізацыямі, у тым ліку “Журналістамі без межаў”. З улікам таго, што Украіна — еўрапейская дзяржава, наўрад ці яны будуць нешта такое рабіць”.
Зараз Галко плануе пабыць некалькі дзён са сваёй жонкай і маленькім сынам Нестарам, а далей — уладкоўваць сваё новае жыццё.