Зміцер Галко зноў у судзе: сёння пераглядаюцца абставіны яго затрымання

Зміцер Галко зноў у судзе: сёння пераглядаюцца абставіны яго затрымання

28 жніўня ў Мінску пераглядацца справа аб адміністрацыйным парушэнні, якое нібыта здзейсніў журналіст Зміцер Галко. Журналіст распавёў Еўрарадыё, што не абскарджваў пастанову суда першай інстанцыі — перагляд справы адбываецца па рашэнні гарадскога суду.

Напрыканцы мінулага года супраць Змітра Галко былі распачатыя дзве справы: адміністрацыйная і крымінальная. Кожная па-свойму апісвае падзеі, якія адбыліся 25 лістапада, калі міліцыя прыйшла на святкаванне Дня нараджэння Яна-Хрысціяна Галко, сына журналіста. “На дадзены момант атрымліваецца, што я ў адзін час нібыта знаходзіўся ў розных месцах і быў затрыманы з розных прычын, — працягвае журналіст. — Пра гэтае несупадзенне я пісаў у Адміністрацыю прэзыдэнта, просячы адмяніць прысуд крымінальны, а не адміністрацыйны”.

Па крымінальнай справе Зміцер Галко атрымаў чатыры гады “хіміі”, па адміністрацыйнай — штраф 49 рублёў. Пераглядацца будзе адміністрацыйная справа, хаця Галко на судзе прызнаў, што сапраўды лаяўся падчас спрэчкі з міліцыянтамі ў кватэры. Па яго словах, толькі потым ён даведаўся: з пратакола затрымання ў межах адміністрацыйнай справы вынікае, што за лаянку яго затрымалі на вуліцы.

“Згодна з адміністрацыйнай справай, фармальна я быў затрыманы ў грамадскім месцы ў той час, калі я ці здзяйсняў крымінальнае злачынства ў кватэры, ці быў ужо затрыманы па ім. Вось у чым несупадзенне. Атрымліваецца, я такі вось супэрмэн-няўдачнік, які знаходзіўся ў двух месцах адначасова, — іранізуе Галко. — Па матэрыялах адміністрацыйнай справы, мяне затрымлівалі міліцыянты, якіх чамусьці няма ў матэрыялах крымінальнай справы. У межах крымінальнай справы суддзя адмовіўся выклікаць гэтых супрацоўнікаў як сведкаў. Але па пратаколе яны, нібыта, затрымалі мяне на вуліцы. Вельмі цікава было б паслухаць, як яны гэта растлумачаць”.

“Я іду не абскарджваць [адміністрацыйную справу], а каб удакладніць некаторыя дэталі. Адкуль узяліся міліцыянты, якіх не было ў крымінальнай справе, і адкуль гэтая справа ўвогуле ўзялася? Таму так, сапраўды там могуць прагучаць важныя рэчы. Не магу прадказаць ні вынікі, ні тое, што ўвогуле будзе адбывацца. Магчыма, нават нікога не выклічуць, а проста неяк адмахнуцца. Але ключавым момантам для мяне будзе спроба выклікаць гэтых міліцыянтаў, я буду хадайнічаць аб гэтым”, — падсумоўвае журналіст.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі