Журналістаў выклікалі ў міліцыю за артыкул пра падрыхтоўку да Дажынак
Такія фатаздымкі не спадабаліся чыноўнікам / ganc-chas.by
Журналістаў "Ганцавіцкага часу" выклікалі ў мясцовую міліцыю, каб расказаць, як правільна пісаць пра падрыхтоўку да Дажынак.
Як піша выданне, кіраўніцтву райвыканкама не спадабаўся артыкул "Цэнтр Ганцавічаў да "Дажынак" аблысеў". У ім былі фотаздымкі, якія паказвалі, як у цэнтры горада спілавалі дрэвы.
У суботу, 26 жніўня, старшыня райвыканкаму са сваім намеснікам абтэлефаноўвалі журналістаў "Ганцавіцкага часу", у тым ліку былых, каб даведацца імя аўтара.
29 жніўня журналістамі занялася міліцыя. Карэспандэнтку Святлану Малышку выклікалі "на размову". У РАУСе ёй заявілі, што пытанні выклікае згаданы артыкул. Першы намеснік старшыні раённай міліцыі Дзяніс Санчук заявіў, што загаловак не адпавядае рэчаіснасці, а пісаць трэба было пра добрыя змены ў Ганцавічах напярэдадні Дажынак.
У той жа дзень у міліцыю запрашалі і іншага супрацоўніка выдання Сяргея Багрова. Але адпусцілі, даведаўшыся, што ён адказвае толькі за сацсеткі выдання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.