Журналістку Ларысу Шчыракову міліцыя пратрымала восем гадзінаў

Журналістку Ларысу Шчыракову міліцыя пратрымала восем гадзінаў

Амаль восем гадзінаў доўжылася затрыманне ў Рэчыцы гомельскай журналісткі-фрылансера Ларысы Шчыраковай. Каб як мага больш патрымаць журналістку ў абмежаваным стане, міліцыя прыдумляла самыя неверагодныя прычыны, паведамляе Радыё Свабода.

Раніцай 18 сакавіка на прыватным аўто “Renault Logan” Шчыракова кіравалася ў Мазыр, каб зняць, як жыхары вуліцы Пралетарскай, Няжнова і завулку Першамайскі прыбіраюць супольную дваровую тэрыторыю, а заадно і святкуюць перамогу. Яны выступілі супраць ушчыльнення — адбілі будаўніцтва ў іх двары на месцы невялікага скверыка 40-кватэрнага панельнага дома. А там яшчэ пару дзесяткаў чалавек выйшлі на плошчу — пратэставаць супраць “дэкрэта аб дармаедах”.

На трасе паблізу Рэчыцы аўтамашыну журналісткі спыніла ДАІ — правяралі дакументы, спраўджвалі, ці не скрадзены аўтамабіль.

Але гэтага падалося мала. Міліцыянты сталі казаць пра “арыенціроўку”, якая паступіла з Гомельскага раённага аддзела міліцыі ад імя начальніка, палкоўніка Васіля Краўцова, але ім не падпісаная. У “арыенціроўцы” была пазначаная  “жанчына славянскай знешнасці, узрост 35-40 гадоў, сярэдняга целаскладу, апранутая у куртку белага колеру”. І дадана: “Ездзіць меркавана на аўтамашыне „Renault Logan“ белага колеру, у рэгістрацыйным нумары прысутнічаюць лічбы 5 і 2”.

Аказваецца, гэтая жанчына сярэдняга целаскладу западозраная ў крадзяжы грошай у пенсіянэркі з вёскі Раманавічы Гомельскага раёна. І адбылося гэта ў прамежку паміж 14 і 23 лютым.

Калі ў Рэчыцы Ларысу Шчыракову правяралі на датычнасць да крадзяжу грошай, то віцебскіх незалежных журналістаў Алену Сцяпанаву, Сяргея Русецкага і Уладзімера Лунёва ў Полацкім РАУС западозрылі ў нападзе 1 сакавіка на аддзяленне банка ў вёсцы Фарынава — маўляў, тады рабаўнікі таксама былі на аўтамабілі чорнага колеру.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі