Жыхар Лепельскага раёна вырашыў, што каханую не аддаюць, — і замініраваў яе аўто

Жыхар Лепельскага раёна вырашыў, што каханую не аддаюць, — і замініраваў яе аўто

45-гадовы жыхар Лепельскага раёна замініраваў аўтамабіль, на якім ездзіла яго жонка і 14-гадовая дачка. Здарэнне адбылося сёлета 20 траўня, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Мужчына злучыў драты такім чынам, каб пры ўключэнне правага павароту ў аўтамабілі ланцуг замкнуўся і прывёў у дзеянне самаробнае выбуховае прыстасаванне.

Праўда, выбух не адбыўся. Удзень 24 траўня выбухоўку выявілі падчас рамонту машыны. Падчас агляду было выяўлена, што мужчына памылкова падключыў выбуховае прыстасаванне да дрота, які не ўдзельнічаў у электрычным ланцугу аўтамабіля.

Следчым мужчына расказаў, што не хацеў забіваць ні жонку, ні дачку, а толькі напалохаць. На ўчынак ён наважыўся для таго, каб жонка вярнулася і не разводзілася з ім. У мабільніку падазраванага следчыя выявілі неаднаразовыя пагрозы і абразы на адрас жонкі.

Эксперты канстатавалі, што магутнасць самаробнай выбухоўкі складае ў трацілавым эквіваленце каля 150 грам трацілу. Пры правільным падлучэнні да электраправодкі прылада спрацавала б. Ад выбуху чалавек, які знаходзіцца ў аўтамабілі, атрымаў бы цялесныя пашкоджанні, у тым ліку і несумяшчальныя з жыццём.

Мужчыну выставілі абвінавачанні па ч.2 арт. 295 (незаконныя набыццё, выраб, захоўванне і нашэнне выбуховых рэчываў і выбуховых прылад), ч. 3 арт. 295 (незаконныя выраб, захоўванне і нашэнне выбуховага прыстасавання, учыненыя паўторна) і ч. 1 арт. 14 ч. 2 арт. 139 (замах на забойства дзвюх асоб, заведама малалетняга, здзейсненае агульнанебяспечным спосабам, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю) Крымінальнага кодэкса. Яго ўзялі пад варту. 

Матэрыялы крымінальнай справы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі