Жыхара Брэстчыны затрымалі за ўдзел у вайне ва Украіне

Жыхара Брэстчыны затрымалі за ўдзел у вайне ва Украіне

Жыхара Пружанскага раёна затрымалі па падазрэнні ў тым, што ён удзельнічаў у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны. Пра гэта інфармуе БЕЛТА са спасылкай на начальніка УУС Брэсцкага аблвыканкама Фёдара Балейку.

Пружанскія міліцыянты затрымалі мужчыну 11 студзеня ў Мінску. Непрацуючы 35-гадовы мужчына знаходзіўся ў вышуку за нявыплату аліментаў. Толькі калі яго прывезлі ў Пружаны, там высветлілася, што мужчына прымаў удзел у баях на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей у складзе баявых атрадаў. Па словах Балейкі, мужчына мае ўзнагароды, падчас допытаў ён даў гэтаму пацверджанне.

Кіраўнік брэсцкай абласной міліцыі паведаміў, што гэта не адзінкавы выпадак, калі жыхары вобласці ўдзельнічаюць у баях на тэрыторыі Украіны. Некаторыя і цяпер знаходзяцца там. Па словах Балейкі, абсалютная большасць тых, хто ездзіць ва Украіну для ўдзелу ў баявых дзеяннях, у мінулым звязаныя з нейкім крыміналам.

Ён згадаў нядаўні выпадак затрымання ва Украіне ўраджэнца Брэстчыны па мянушцы "Маджахед", вядомага ў абласным цэнтры футбольнага фаната. Паведамляецца, што ва Украіне ён прыняў іслам і ваяваў на баку "Правага сектара". Яму вінавацяць у шэрагу цяжкіх крымінальных злачынстваў. Пасля яго затрымання ва Украіне брэсцкія міліцыянты правялі ператрусы па ранейшым месцы яго пражывання. Там былі канфіскаваныя гранаты.

Нагадаем, што напрыканцы лістапада ў Мінску быў таксама затрыманы малады жыхар Наваполацка, які меў пры сабе зброю. Паводле звестак беларускага КДБ, у баях на ўсходзе Украіны ўдзельнічаюць 58 беларусаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі