57-гадовы жыхар Ліды асуджаны на 18 гадоў за злачынствы супраць палавой недатыкальнасці, паведамляе Следчы камітэт.
Паводле следчых, мужчына прымушаў дачок сваіх сужыцелек да "дарослых адносінаў". Яго злачынная дзейнасць працягвалася з 15 гадоў — з 2007-га па 2022-гі.
Пацярпелымі па справе прызнаныя шэсць чалавек — гэта дочкі сужыцелек абвінавачанага, іх сваячкі, сяброўкі. Двое з іх цяпер паўналетнія, маюць уласныя сем'і, дзяцей, астатнія — вучацца ў школе.
Следства выявіла больш за 50 эпізодаў злачыннай дзейнасці мужчыны.
Першая яго сужыцелька распавяла следчаму, што не паверыла словам старэйшай дачкі і лічыла, што тая хоча агаварыць мужчыну. Нічога падазронага ў паводзінах мужчыны яна не заўважала. Тое самае расказала і другая яго сужыцелька.
Судовая сексолага-псіхіятрычная экспертыза выявіла, што мужчына пакутуе на псіхічнае расстройства ў форме педафіліі. Пры гэтым ён усведамляў значэнне сваіх дзеянняў і мог кіраваць імі, кажуць эксперты.
Мужчыну прызналі вінаватым у распусных дзеяннях у дачыненні да непаўналетняй і дзеяннях сэксуальнага характару, учыненых насуперак волі пацярпелай з ужываннем гвалту і з пагрозай яго прымянення, у дачыненні да заведама малалетняй.