Зладзюжка Трамп і геніяльны папугай Апала — #ІхНоравы

Замежныя навіны

Замежныя навіны / @rubanau_collage

У Кнізе рэкордаў Гінеса з'явіўся новы рэкардсмен! Ім стаў папугай на імя Апала, які ўмее распазнаваць прадметы, адказваць на пытанні і нават сам іх задаваць.

Тым часам Дональд Трамп, кандыдат у прэзідэнты ЗША, таксама спрабуе паставіць своеасаблівы "рэкорд". Многія выканаўцы абвінавачваюць палітыка ў выкарыстанні сваіх музычных хітоў на мерапрыемствах без дазволу.

На востраве Маёрка за апошнія некалькі гадоў назіраецца рэкордны прыток замежных турыстаў. Стомленыя ад наплыву гасцей мясцовыя жыхары арганізавалі пратэсныя акцыі, выходзячы з ручнікамі і транспарантамі.

Пра гэта і многае іншае чытайце ў традыцыйным міжнародным аглядзе Еўрарадыё "Іх норавы".


Геніяльны жако Апала

Усяго за тры хвіліны папугай жако на імя Апала ідэнтыфікаваў 12 прадметаў, за што атрымаў званне геніяльнай птушкі. Пра гэта напісана на сайце Кнігі рэкордаў Гінеса.

Трамп — зладзюжка?

Кандыдат у прэзідэнты ЗША Дональд Трамп незаконна выкарыстоўвае песню My Heart Will Go On у выкананні Селін Дыён. Пра гэта піша ў сацсетцы Х сама канадская спявачка.  

Знакаміты саўндтрэк з "Тытаніка" гучаў на перадвыбарным мітынгу Трампа ў штаце Мантана. Пры гэтым трансляваўся відэакліп да песні. Дыён сцвярджае, што з ёю ніхто не ўзгадняў выкарыстання яе твораў на мерапрыемстве.

Спявачка кажа, што не ўхваляе такіх учынкаў. І наогул кампазіцыя асацыюецца ў многіх слухачоў з караблём, які тоне, з чым цяпер і параўноўваюць кампанію Трампа некаторыя выбаршчыкі.

— Сур'ёзна, менавіта гэтая песня? — высмейвае палітыка Селін Дыён.

Дарэчы, Селін Дыён не адзіная выканаўца, якая забараніла Трампу выкарыстоўваць свае песні. Да яе так зрабілі Рыяна, Фарэл Уільямс, Адэль, гурты The Rolling Stones і Aerosmith.

 

У Walt Disney — новая "Беласнежка"

Walt Disney Studios паказала першы тізер рэмейку "Беласнежкі". Відэа апублікаванае на афіцыйным YouTube-канале кампаніі.

Маёрка трашчыць ад турыстаў

Жыхары вострава Маёрка стаміліся ад турыстаў. Пад лозунгам "Акупуем нашы пляжы!" маніфестанты прыйшлі на бераг, папулярны сярод падарожнікаў з Германіі, дзе расклалі свае ўласныя ручнікі і транспаранты.

Такія акцыі на востраве праходзяць сёлета рэгулярна, а колькасць іх удзельнікаў пастаянна расце. Мясцовыя жыхары не ўхваляюць рэзкага росту цэн на жыллё, перагружанасці сацыяльных службаў і інфраструктуры вострава, а таксама негатыўных наступстваў для экалогіі.

Летась Маёрку наведала амаль 14 мільёнаў замежных гасцей, што стала рэкордам. Сёлета іх колькасць можа быць на 8 працэнтаў большай: яшчэ да надыходу лета Маёрку паспелі паглядзець 6 мільёнаў чалавек.

Са свайго боку ўлады выспы ўзмацняюць барацьбу з нелегальнай арэндай жылля, падымаючы штрафы да 80 тысяч еўра.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі