Зніжкі на газ для Беларусі будуць пры сустрэчных "зніжках" — Мезенцаў

Дзмітрый Мезенцаў / з архіва БЕЛТА​
Дзмітрый Мезенцаў / з архіва БЕЛТА​

Зніжку на газ Беларусь можа атрымаць у тым выпадку, калі саступіць па нейкіх іншых пазіцыях, заявіў расійскі амбасадар у РБ Дзмітрый Мезенцаў.

"Калі адзін бок просіць "зніжачку"​ [у цане на газ. — Еўрарадыё], то значыць, і іншы бок мае права разлічваць на такі падыход, на "зніжачку" па тых ці іншых групах тавараў — калі мы гаворым пра раўнапраўныя адносіны незалежных дзяржаў і гаспадарчых суб'ектаў", цытуе пасла Sputnik Беларусь.

Калі бакі будуць рабіць значныя крокі насустрач адзін аднаму ў розных галінах — у фарміраванні адзінага рынку газу, збліжэнні падатковага заканадаўства і гэтак далей, — то "тады перамовы і па тактычных, і па прынцыповых пытаннях будуць паспяховымі і выніковымі", сказаў Мезенцаў.

Ён таксама распавёў, што сёлета афіцыйны Менск пагасіў запазычанасць за пастаўлены газ, і выказаў надзею, што перамовы аб пастаўках на будучы год не зацягнуцца. Мезенцаў упэўнены, што бакі дамовяцца. Пры гэтым, падкрэсліў ён, важна, каб палітычная кан'юнктура была выведзена за межы гэтых перамоў асабліва па энергетычным пытанні.

Пракаментаваў расійскі амбасадар і палітычную сітуацыю ў Беларусі. На яго думку, беларуская апазыцыя дарэмна спрабуе разыграць "расійскую карту" — спробы "справакаваць магчымае напружанне ў адносінах Расіі да Беларусі не маюць перспектывы", сказаў ён.

Раней стала вядома пра сустрэчу сталага прадстаўніка Расіі пры ААН Васіля Нябензі са Святланай Ціханоўскай. Пры гэтым Нябензя адзначыў, што "мы гатовыя размаўляць з усімі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі