ЗША перапынілі гандлёвае і вайсковае супрацоўніцтва з Масквой
Да вырашэння канфлікту вакол Украіны Амерыка замарозіла ўсялякія перамовы з Расіяй па пытаннях гандлю і інвестыцый.
Пра гэта гаворыцца ў афіцыйнай заяве Упраўлення гандлёвага прадстаўніка ЗША, перадае ВВС. Раней стала вядома, што з-за сітуацыі вакол Украіны ЗША перапынілі і вайсковыя кантакты з Расіяй. Часова спыняюцца ўсе сумесныя вучэнні, перамовы, візіты і канферэнцыі.
"Мы заклікаем Расію да дээскалацыі крызісу ва Украіне, а расійскія войскі ў Крыме — да вяртання на базы, як патрабуецца ў адпаведнасці з дамовамі, якія рэгулююць становішча Чарнаморскага флоту Расіі ў Крыме", — сказаў прэс-сакратар Пентагона контр-адмірал Джон Кірбі.
У панядзелак прэзідэнт ЗША Барак Абама заявіў, што дзеянні Расіі на тэрыторыі Украіны парушаюць нормы міжнароднага права.
Тым часам Расія назвала ўмовы перамоваў з Захадам па Украіне, паведаміла крыніца ў МЗС Расіі. Прынцыповым для афіцыйнай Масквы называецца выкананне пагаднення ад 21 лютага паміж Януковічам і апазіцыяй. Яно ўключае ў сябе канстытуцыйную рэформу і стварэнне кааліцыйнага ўрада. Расія чакае, што ў перамоўным працэсе будуць прадстаўленыя ўсе палітычныя сілы Украіны.
Фота — RFE/RL